MAP

Супрацоўнікі сіл правапарадку Італіі праводзяць маштабную антымафіёзную аперацыю ў Палерма на Сіцыліі Супрацоўнікі сіл правапарадку Італіі праводзяць маштабную антымафіёзную аперацыю ў Палерма на Сіцыліі  (ANSA)

Крык душы біскупа: Сіцылія губляе будучыню

Біскуп Нікозіі Джузэпэ Скілачы накіраваў ліст вышэйшым дзяржаўным асобам Італіі, у якім выказаў занепакоенасць пагрозай апустыньвання Сіцыліі ў розных сферах жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх б'е трывогу наконт будучыні Сіцыліі. У сваім лісце, накіраваным прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі, прэм'ер-міністру, прэзідэнту рэгіёна Сіцылія і прэфекту Эны, ён падкрэслівае, што праблема мае шырокі характар.

"Мы назіраем сацыяльнае, дэмаграфічнае, культурнае і дэмакратычнае апустыньванне", - адзначае біскуп Скілачы. Сітуацыя ў дыяцэзіі Нікозія, якая налічвае 70 тысяч жыхароў і ўключае 12 самых бедных камун Італіі, выклікае асаблівую занепакоенасць. Штогод рэгіён пакідаюць больш за 1500 чалавек.

Біскуп звяртае ўвагу на крытычны стан інфраструктуры, адсутнасць чыгуначных зносін, закрыццё асноўных службаў. Асаблівую трывогу выклікае праблема водазабеспячэння, забруджванне навакольнага асяроддзя і неэфектыўнае выкарыстанне наяўных рэсурсаў.

"Чаму гэтыя тэрыторыі працягваюць закідвацца і не становяцца прыярытэтнымі ў палітычным парадку дня?" - пытаецца пастыр у прадстаўнікоў улады. Ён запрашае адрасатаў ліста наведаць рэгіён, каб на ўласныя вочы ўбачыць разбітыя дарогі, дзіравыя водаправоды і хранічна недаўкамплектаваныя шпіталі.

Разам з лістом біскуп накіраваў дакумент з 10 канкрэтнымі прапановамі, распрацаванымі Цэнтрам сацыяльна-палітычных даследаванняў Канферэнцыі Біскупаў Сіцыліі, якія павінны даць "святло і надзею" зямлі, што "мае ў сабе глыбокае жаданне жыцця".
 

13 лютага 2025, 11:24