MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа даслаў ружанец японцу, якога памылкова асудзілі на смерць

Папа Францішак даслаў ружанец японцу, які быў памылкова асуджаны на смяротнае пакаранне і правёў у турме, чакаючы выканання прысуду, амаль 48 гадоў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папскі падарунак 88-гадоваму Полу Іваа Хакамадзе перадаў кардынал Тарчызіа Ісаа Кікучы, арцыбіскуп Токіа і старшыня Caritas Internationalis. Разам з ружанцам іерарх уручыў яму ліст ад Святога Айца, паведамляе інфармацыйнае агенцтва AsiaNews.

У 1968 годзе Іваа Хакамада быў асуджаны за забойства, якога, як ён заўсёды сцвярджаў, не здзяйсняў. Калі ў 2014 годзе тэсты ДНК пацвердзілі, што мужчына не меў дачынення да злачынства, яго вызвалілі. У верасні 2024 года акруговы суд Сідзуокі прызнаў яго невінаватым падчас паўторнага разгляду справы, палічыўшы, што доказы, выкарыстаныя супраць яго, былі сфальсіфікаваныя паліцыяй.

Знаходзячыся ў турме, Хакамада прыняў хрысціянства. Ён быў ахрышчаны за кратамі турэмным капеланам на Божае Нараджэнне 1984 года. Наблізіцца да веры яму дапамаглі некаторыя японскія католікі, якія падтрымлівалі з ім кантакт, калі ён быў у зняволенні.

У 2019 годзе Пол Іваа Хакамада ўдзельнічаў у святой Імшы, якую Папа Францішак, перакананы праціўнік смяротнага пакарання, цэлебраваў падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Японію на такійскім стадыёне.
 

25 лютага 2025, 12:56