MAP

Папа Бэнэдыкт XІІІ і яго магіла Папа Бэнэдыкт XІІІ і яго магіла 

Рым: постаць Бэнэдыкта XIII у цэнтры ўвагі

У Рыме пачынаюцца "Арсініеўскія дні" (Giornate orsiniane), прысвечаныя Папу Бэнэдыкту XIII, які паходзіў з роду Арсіні. Ініцыятыва ўключае цыкл падзей, накіраваных на пераасэнсаванне яго пантыфікату ў святле Юбілею 2025 года і Юбілею 1725 года, які прыйшоўся на яго пантыфікат.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пачынаючы з 27 лютага 2025 года, Рым стане цэнтрам унікальнай культурна-рэлігійнай падзеі, якая накіравана на вяртанне ў цэнтр увагі постаці Папы Бэнэдыкта XIII, пантыфіка XVIII стагоддзя, чыя спадчына застаецца надзвычай актуальнай для сучаснага Касцёла.

Паводле інфармацыі ACI Stampa, "Арсініеўскія дні" з'яўляюцца часткай урачыстых юбілейных мерапрыемстваў, якія пачаліся 29 мая 2024 года эўхарыстычнай цэлебрацыяй у папскай базіліцы Святога Яна на Латэране.

Пастырская ўвага да найбольш уразлівых

"Бэнэдыкт XIII: Прароцтва і актуальнасць пантыфікату" – так гучыць цэнтральная тэма мерапрыемстваў, натхнёных катэхезамі і настаўніцтвам Папы Францішка, з асаблівай увагай да місіі Касцёла ў дачыненні да найбольш слабых і ўразлівых асоб сучаснага грамадства.

"Пантыфікат Бэнэдыкта XIII меў выключную значнасць для гісторыі Касцёла і грамадства таго часу, а яго падыходы застаюцца актуальнымі і сёння," - адзначаюць арганізатары мерапрыемства.

Ганаровы і Навуковы камітэты працавалі ў супрацоўніцтве з Ватыканскай бібліятэкай, дзе была знойдзена "Імша на 16 галасоў для Папы Бэнэдыкта XIII". Яна была напісана ў 1724 годзе і ніколі раней не выконвалася. Першае публічнае выкананне гэтага незвычайнага твора адбудзецца 29 красавіка 2025 года ў базіліцы Святой Сабіны на Авенціне.

Музыка як містычны голас малітвы

Праграма мерапрыемстваў ахопіць шырокі літургічны перыяд, уключаючы час Вялікага посту, і будзе складацца з тэматычных канферэнцый, прысвечаных даследаванню глыбокіх аспектаў пастырскай дзейнасці Бэнэдыкта XIII.

Асаблівая ўвага будзе нададзена душпастырскай дзейнасці, клопату пра людзей з псіхічнымі расстройствамі і разважанням аб чалавечым пакуце як цэнтральнай тэме хрысціянскай гісторыі і мыслення.

Асаблівым духоўным момантам стане вялікі Канцэрт Сакральнай Музыкі, які адбудзецца пасля Вялікадня. Гэтая падзея, выключнай мастацкай і літургічнай вартасці, прапануе ўнікальны медытацыйны досвед. "Сакральная музыка стане сапраўдным голасам і містычным гучаннем малітвы," - падкрэсліваецца ў паведамленні арганізатараў.

Навуковае пераасэнсаванне спадчыны XVIII стагоддзя

Завяршальным этапам мерапрыемстваў стане навуковая канферэнцыя, запланаваная на 28 мая 2025 года ў Папскім Латэранскім універсітэце. Яна запрапануе крытычнае і паглыбленае пераасэнсаванне пантыфікату Бэнэдыкта XIII, з мэтай унесці значны ўклад у гістарычныя даследаванні Касцёла XVIII стагоддзя.

"Гэты перыяд застаецца недастаткова вывучаным у сучаснай гістарыяграфіі, таму канферэнцыя мае асаблівую навуковую каштоўнасць," - адзначаюць арганізатары.

Урачыстыя памятныя мерапрыемствы завершацца Эўхарыстыяй у базіліцы Санта-Марыя-сопра-Мінерва 29 мая 2025 года, дзе знаходзіцца надмагільны помнік Папы Бэнэдыкта XIII. Гэты літургічны момант стане духоўным сінтэзам шляху веры, культуры і памяці, накіраванага на вяртанне постаці Папы Арсіні належнай значнасці ў гісторыі Касцёла і грамадства.
 

27 лютага 2025, 10:08