Пачатак Вялікага посту: "стацыйнае" набажэнства ў Рыме без Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Адмысловую літургічную цырымонію ў форме рымскіх "стацый" узначаліць кардынал Анджэла Дэ Данаціс, Вялікі Пенітэнцыярый і дэлегат Святога Айца Францішка. Пра гэта паведаміў 28 лютага 2025 года майстар папскіх літургічных цырымоній.
“Стацыйная” літургія адлюстроўвае старажытную рымскую традыцыю, калі вернікі збіраліся ў адным месцы, а затым працэсіяй ішлі да галоўнага храма, дзе адбывалася Эўхарыстычная цэлебрацыя. Гэтая практыка мае глыбокі пакутны характар, асабліва падчас Вялікага посту.
У пакутнай працэсіі возьмуць удзел кардыналы, арцыбіскупы, біскупы, манахі-бэнэдыктынцы кляштара святога Анзэльма, айцы дамініканцы з кляштара святой Сабіны, а таксама вернікі. Пасля заканчэння працэсіі адбудзецца святая Імша з абрадам благаслаўлення і пасыпання галоў попелам.
Варта адзначыць, што базіліка святой Сабіны – адзін з найстарэйшых касцёлаў Рыма. Яна была пабудаваная ў V стагоддзі. Традыцыя пачынаць Вялікі пост менавіта ў гэтага храма мае даўнюю гісторыю і з'яўляецца важнай часткай духоўнага жыцця Вечнага горада.
Вялікі пост - час малітвы, пакаяння і міласэрнасці. Гэты 40-дзённы перыяд духоўнага абнаўлення пачынаецца з Папяльцовай серады і працягваецца да Вялікага Чацвярга. У гэты час католікі асаблівым чынам практыкуюць пакаянне, устрыманне ад мясной ежы ў пятніцы і добрыя ўчынкі, рыхтуючыся да ўрачыстасці Уваскрасення Хрыстова.