MAP

Кардынал Бальтасарэ Рэйна ў базіліцы святога Яна на Латэране Кардынал Бальтасарэ Рэйна ў базіліцы святога Яна на Латэране  (AFP or licensor)

Салідарнасць з Папам: Касцёл у Рыме моліцца за свайго біскупа

Касцёл у Рыме правёў супольную малітву аб здароўі Папы. Увечары 23 лютага 2025 года ў базіліцы святога Яна на Латэране адбылася Імша, якую ў інтэнцыі Пантыфіка ўзначаліў Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Бальдасарэ Рэйна.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы хочам, каб нашы пачуцці, нашы абдымкі і, перш за ўсё, нашы малітвы нейкім чынам дасягнулі нашага біскупа ў гэты вечар”, - сказаў іерарх, заклікаючы рымскіх католікаў з моцнай верай прасіць Бога аб дары здароўя і сіл для Францішка.

“Узнясём да Пана нашыя малітвы за Святога Айца. Няхай Бог падтрымае яго сваёй ласкай і дасць неабходныя сілы, каб перажыць гэты момант выпрабавання”, - заахвоціў кардынал Рэйна.

У нядзелю малітвы за Папу гучалі па ўсёй Італіі. У балонскай катэдры святога Дамініка старшыня італьянскага епіскапату, кардынал Матэа Дзупі, узначаліў Ружанец у інтэнцыі здароўя Святога Айца, заклікаўшы вернікаў маліцца з надзеяй, якая не падвядзе.

У Асізі за Пантыфіка маліліся ў санктуарыі Агалення святога Францішка, дзе пахаваны благаслаўлёны Карла Акуціс, які неўзабаве будзе кананізаваны. “Будзем горача маліцца за Папу, каб ён знайшоў палёгку ў пакутах, адчуўшы блізкасць хрысціянскай супольнасці, і каб, выздаравеўшы, працягваў сваю місію служэння Касцёлу”, - заклікаў мясцовы біскуп Даменіка Сарэнціна.

Вернікі моляцца за Святога Айца таксама ля рымскай клінікі Джэмэлі, у якой ён праходзіць лячэнне. Апоўдні ў нядзелю людзі сабраліся на Анёл Панскі на плошчы перад бальніцай.

Ад 24 лютага, раніцай і увечары, у капліцы шпіталя будзе праводзіцца Імша ў інтэнцыі Папы і гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вернікі запрашаюцца таксама на ружанцовую малітву за Пантыфіка, якая будзе праходзіць штодзённа ў 16.30 каля помніка святому Яну Паўлу ІІ перад уваходам у клініку.

У сваім звароце да Касцёла, абнародаваным 23 лютага, Францішак прызнаўся, што атрымаў шмат цёплых паведамленняў і быў асабліва крануты лістамі і малюнкамі дзяцей. “Дзякую за гэтую блізкасць і за малітвы падтрымкі, якія я атрымаў з усяго свету! Даручаю ўсіх заступніцтву Марыі і прашу вас маліцца за мяне”, - напісаў Папа.

 

24 лютага 2025, 11:25