Сьюпіч: адмена фінансавання USAID можа каштаваць жыццяў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сваю пазіцыю па гэтай праблеме кардынал Блэйз Сьюпіч агучыў на старонках Chicago Catholic, англамоўнай газеты Чыкагскай архідыяцэзіі. У артыкуле гаворыцца аб тым, што спыненне фінансавання паставіла пад пагрозу жыццёва важныя праграмы харчовай і медыцынскай дапамогі, а таксама падтрымкі бежанцаў, якія ажыццяўляюць дабрачынныя арганізацыі, у тым ліку і каталіцкія.
Іерарх паведаміў аб тым, што Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў ЗША падала ў суд на адміністрацыю Трампа, паколькі недахоп фінансавання прывёў да няздольнасці працаваць у інтарэсах тысяч бежанцаў. Епіскапат запрасіў кампенсацыю ў памеры 13 мільёнаў долараў за выдаткі, панесеныя да 24 студзеня 2025 года.
Крытыкі называюць дзейнасць USAID марнатраўнай, аднак, як падкрэсліла Кэралайн Ву, за апошнія тры дзесяцігоддзі ўзровень беднасці ў свеце знізіўся з адной трэці насельніцтва да адной дзясятай, а паказчыкі мацярынскай і дзіцячай смяротнасці знізіліся на 50%. Гэта стала магчымым у тым ліку і дзякуючы міжнароднай дапамозе ў мэтах развіцця. Цяжка ўявіць больш эфектыўнае выкарыстанне сродкаў, улічваючы, што на долю USAID прыпадае менш за 1% федэральнага бюджэту.
У артыкуле сцвярджаецца таксама, што сітуацыя не толькі выклікала гуманітарны крызіс, але і падарвала давер да ЗША як да надзейнага партнёра. Кардынал Крыстаф Шонбарн папярэдзіў: "Тое, што зараз адбываецца ў ЗША, небяспечна". Ён лічыць, што парушэнне пагадненняў падрывае давер, бяспеку і вяршэнства закона.
Па словах іерарха, замежная дапамога – гэта выраз нацыянальных каштоўнасцяў. “Амерыканскія каштоўнасці па-ранейшаму ўключаюць клопат пра тых, каму пашанцавала менш, абарону прыгнечаных і пабудову доўгатэрміновага міру на аснове салідарнасці”. Злучаныя Штаты дапамаглі Еўропе аднавіцца пасля разбурэнняў Другой сусветнай вайны – “гэта наша нацыянальная спадчына, і мы ніколі не павінны адмаўляцца ад яе”, - напісаў арцыбіскуп Чыкага.
Нарэшце, паслабленне сістэмы сацыяльнай абароны ў канчатковым выніку закране ўсіх. Амерыка зрабіла б мудра, калі б не злоўжывала сваёй уладай у свеце, дзе ўсё ўзаемазвязана, паколькі ніхто не застрахаваны ад хвароб або няшчасцяў, - папярэдзіў кардынал Сьюпіч.