MAP

Лагер бежанцаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга Лагер бежанцаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга  (AFP or licensors)

Біскупы ЕС: спыніць насілле ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга

Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) заклікала ЕС і міжнародную супольнасць неадкладна ўмяшацца, каб спыніць катастрофу ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Біскуп Марыяна Крачата, старшыня COMECE, накіраваў спецыяльнае пасланне Еўрапейскаму парламенту напярэдадні галасавання па пытанні спынення эскалацыі насілля на ўсходзе ДРК. Ад імя біскупаў ЕС ён выказаў глыбокую занепакоенасць сітуацыяй у афрыканскай краіне і заклікаў да неадкладных дзеянняў.

Іерарх адзначыў, што за апошнія тыдні ў Паўднёвым Ківу загінулі каля 3 тысяч чалавек, а больш за мільён жыхароў рэгіёна былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Ён станоўча ацаніў нядаўна прыняты Бруселем пакет гуманітарнай дапамогі для ДРК на суму 60 мільёнаў еўра, а таксама падтрымаў дарожную карту, прапанаваную мясцовымі каталіцкімі і пратэстанцкімі супольнасцямі, каб пакласці канец насіллю і садзейнічаць мірнаму суіснаванню і грамадскай згодзе.

Старшыня COMECE, тым не менш, заклікаў да большых намаганняў для абароны мірных жыхароў і забеспячэння іх доступу да гуманітарнай дапамогі. Ён заахвоціў мясцовыя ўлады і міжнародную супольнасць зрабіць усё магчымае для мірнага ўрэгулявання канфлікту, падкрэсліўшы, што магчымую падтрымку паўстанцаў Руандай можна расцэньваць як сур’ёзнае парушэнне міжнароднага права.

Біскуп таксама заклікаў міжнародныя інстытуты не адступаць ад сваіх каштоўнасцяў і прынцыпаў і, калі спатрэбіцца, ужыць мэтавыя санкцыі і перагледзець эканамічнае супрацоўніцтва. Ён адзначыў важнасць большай празрыстасці ў сектары здабычы прыродных рэсурсаў у ДРК, што з’яўляецца адной з асноўных прычын канфлікту.
 

13 лютага 2025, 11:03