Юбілейныя рэцэпты: кулінарная спадчына пілігрымаў
Марыя Валодзіна – Vatican News
Пілігрымка ў такія святыя месцы, як Рым, Іерусалім, Санцьяга-дэ-Кампастэла, заўсёды была і застаецца духоўным досведам для многіх вернікаў. Сапраўднымі каштоўнасцямі юбілейнай пілігрымкі з'яўляюцца гасціннасць, бескарыслівасць, пакаянне і ўзаемны абмен. Аднак пілігрымка – гэта таксама і фізічнае выпрабаванне, якое патрабуе сытнага харчавання. Пра гэта добра ведалі старажытныя пілігрымы, якія, перш чым адправіцца ў доўгі шлях да магілы апостала Пятра, клалі ў торбу ўсё неабходнае для падарожжа. Калі ежы не хапала, грукаліся ў дзверы хат, кляштараў ці прытулкаў, дзе адпачывалі і аднаўлялі сілы, перш чым рухацца далей.
Юбілейныя рэцэпты
Айцец Андрэа Чучы, аўтар некалькіх кніг на кулінарную тэму, распавёў пра некаторыя італьянскія стравы, якія лічацца ежай пілігрымаў. Ягня, прыгатаванае з духмянымі травамі. Зацукраваныя вішні, якія выдатна падыходзіць да марожанага. Бліны Папы Геласія. Суп з полбы. Суп з хлеба, лука-парэя і яек. Просты вытрыманы сыр, такі як пекарына, лічыцца каштоўным саюзнікам падарожнікаў дзякуючы трыптафану, які стымулюе выпрацоўку сератаніну і аказвае расслабляльнае і антыаксідантнае ўздзеянне.
Гэта класічныя рэцэпты рымскай кухні, але яны не звязаны непасрэдна з Юбілеем, так што сапраўднай юбілейнай кулінарыі няма. "У Рыме пілігрымаў сустракалі і кармілі простай і сытнай ежай: супам, садавінай, гароднінай. Часам ежа была нават аскетычнай, пакаяннай, што адпавядала юбілейнаму духу.
У кляштары святога Францішка ў рымскім раёне Трастэвэрэ захоўваюць памяць аб пілігрымцы асізскага святога. Побач з кляштарам калісьці месціўся шпіталь Сан-Біяджа, якім апекваліся бэнэдыктынцы. Шпіталь прымаў бедных, хворых і пілігрымаў. У 1223 годзе менавіта тут спыняўся святы Францішак Асізскі падчас свайго візіту да Папы Інакенція III. Келля, дзе ён спаў і маліўся, захавалася да нашых дзён, нягледзячы на спробы знішчыць яе ў XVII стагоддзі. З тых часоў захаваўся таксама старажытны абедзенны зал, рэфекторый, дзе з 2011 года манахі зноў прымаюць за сталом гасцей – маладых людзей, якія падвяргаюцца рызыцы сацыяльнай маргіналізацыі.
Прысмакі святога Францішка
Любімай стравай святога Францішка былі міндальныя пернікі (mostaccioli), якія не раз гатавала яму сяброўка, рымская матрона Якапа дэ Сэтэсолі. Прысмакі гатуюцца з простых і смачных інгрэдыентаў: міндалю, мёду, вінаграднага соку, сушанай смоквы і разынак. Асізкаму святому гэты дэсерт падабаўся настолькі, што перад смерцю ў 1226 годзе ён пажадаў пакаштаваць яго ў апошні раз.
Прапануем вам два простых рэцэпта страў, пра якія ідзе гаворка.
Бліны Папы Геласія
Паводле легенды, у V стагоддзі гэтымі блінамі частаваў французскіх пілігрымаў Папа Геласій. З таго часу бліны лічацца нацыянальнай стравай Францыі. Інгрэдыенты: 250 г мукі, 4 яйкі, 250 мл белага віна, 250 мл вады, 50 г масла, трошкі солі. Спосаб прыгатавання: у вялікай місцы змяшайце муку, соль, яйкі, віно і ваду. Мясіце пакуль цеста не стане аднастайным. Памясціце цеста у холад прыблізна на гадзіну. Разагрэйце патэльню з невялікай колькасцю масла. Выпякайце бліны, пакуль яна не стануць залацістымі з аднаго, потым з другога боку. Бліны можна падаваць як з салёнымі, так і салодкімі начынкамі.
Міндальныя пернікі (mostaccioli)
Прыгатаванне гэтай стравы зойме 30 хвілін, уключаючы выпяканне. Інгрэдыенты: 250 г дробна нарэзанага міндаля, 150 г мукі, 125 г мёду, 2 яечных бялка, 2 сталовыя лыжкі вінаграднага соку, карыца і перац. Спосаб прыгатавання: змяшайце дробна нарэзаны міндаль, муку, мёд, бялкі, сусла, дадаўшы карыцу і перац па гусце. Замясіце цеста і раскачайце да таўшчыні каля 5 мм. Нажом ці спецыяльнай формай нарэжце пернікі ў форме ромбаў шырынёй прыблізна 4 см. Разагрэйце духоўку да 170 градусаў. Выкладзіце пернікі на паперу для выпякання і пастаўце ў духоўку на 15 хвілін.
Смачна есці і шчаслівай дарогі!