MAP

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Экуменічнае набажэнства, пілігрымка семінарыстаў, аплаткавая сустрэча – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Экуменічнае набажэнства ў Заслаўі ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 19 студзеня 2025 года, падчас Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян, у заслаўскім касцёле адбылася святая Імша і экуменічнае набажэнства. Разам з арцыбіскупам эмэрытам Эўхарыстыю цэлебраваў часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз Кшыштаф Сэрока. Да экуменічнага набажэнства далучыліся прадстаўнікі розных канфесій: рыма- і грэка-католікі, праваслаўныя, лютэране і евангелісты. Пасля ўступных малітваў і чытання Евангелля кожны з іх выступіў са сваім словам.

Адбылася аплаткавая сустрэча Caritas Гродзенскай дыяцэзіі з удзелам біскупаў. 18 студзеня 2025 года валанцёры і супрацоўнікі дыяцэзіяльнага дабрачыннага таварыства сустрэліся з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем, біскупам эмерытам Аляксандрам Кашкевічам. Удзельнікі памаліліся за ўсіх, каму патрэбна дапамога, за ахвярадаўцаў, валанцёраў і дабрадзеяў. Біскуп Гродзенскі назваў таварыства маленькім Бэтлеемам, у якім праз дабро, якое нясуць людзям супрацоўнікі Caritas, нараджаецца Езус. Іерархі ўдзялілі прысутным пастырскае благаслаўленне і склалі пажаданні.

Біскуп Юры Касабуцкі наведаў сваю родную парафію. 19 студзеня 2025 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў парафіі святога Юзафа ў Маладзечне. У гаміліі іерарх раскрыў паняцце цуду. "Менавіта з дапамогай цуду Пан Бог можа дакрануцца да кожнага з нас у моманты смутку, роспачы, нейкіх цяжкасцей і праблем. Таму нам важна не губляць надзею", – падкрэсліў біскуп і дадаў, што гэтаму нас вучыць таксама Папа Францішак, які для Юбілею Святога года выбраў дэвіз Пілігрымы надзеі.

Семінарысты наведалі санктуарый у Росі. 19 студзеня 2025 года студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пілігрымавалі ў санктуарый Езуса Журботнага, які знаходзіцца ў шэрагу юбілейных святынь. Тут семінарысты прыслугоўвалі на святой Імшы, пазнаёміліся з кусташам санктуарыя, вернікамі і міністрантамі парафіі.

Свята для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прайшло ў Віцебску. 18 студзеня 2025 года ў кавярні пры касцёле Езуса Міласэрнага такое мерапрыемства з удзелам біскупа Алега Буткевіча арганізаваў Caritas Віцебскай дыяцэзіі. Святочная праграма ўключала прадстаўленне інтэрактыўнай батлейкі, пачастунак, конкурсы, песні і танцы.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

25 студзеня 2025, 08:15