MAP

Кардынал Паралін у Нарвегіі: сустрэча з каралём і біскупская сакра

Кардынал П’етра Паралін прыбыў у Нарвегію. Раніцай 18 студзеня 2025 года ён удзяліў біскупскае пасвячэнне мансеньёру Фрэдрыку Хансену, біскупу-каад’ютару Осла.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Напярэдадні ўрачыстай цырымоніі ў катэдральным касцёле святога Олафа бліжэйшы супрацоўнік Папы здзейсніў візіт да караля Нарвегіі Харальда V у Каралеўскім палацы ў Осла.

Біскуп Хансен нарадзіўся 13 чэрвеня 1979 года ў Драмене ў дыяцэзіі Осла. Ён рыхтаваўся да святарства ў Англіі, у семінарыі Вестмінстэрскай архідыяцэзіі і Хейтрапскім каледжы ў Лондане. У 2007 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і быў інкардыніраваны ў дыяцэзію Осла. Затым быў вікарыем у Лілехамеры, сакратаром біскупа, прэфектам і прарэктарам дыяцэзіяльнай семінарыі, сакратаром Рады нарвежскіх біскупаў і суддзёй у касцельным трыбунале Осла. У 2013 годзе атрымаў доктарскую ступень па кананічным праве ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце.

Новы іерарх таксама вучыўся ў Папскай касцельнай акадэміі. У 2013 годзе ён распачаў сваё служэнне ў папскай дыпламатыі. Працаваў у нунцыятуры ў Гандурасе, пры міжнародных арганізацыях у Вене, а затым пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Пакінуўшы дыпламатычную службу ў 2022 годзе, ён далучыўся да кангрэгацыі сульпіцыянцаў і стаў выкладчыкам семінарыі і ўніверсітэта Найсвяцейшай Марыі ў Балтыморы, ЗША. 1 лістапада 2024 года быў прызначаны біскупам-каад’ютарам Осла.
 

18 студзеня 2025, 12:01