MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Чарговае біскупскае прызначэнне ў Кітаі

Біскуп Джозэф Цай Бінжуй 23 студзеня 2025 года кананічна ўзначаліў дыяцэзію Фучжоу ў Кітаі. Прызначэнне адбылося ў межах часовага пагаднення паміж Апостальскай Сталіцай і КНР.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа Францішак зацвердзіў кандыдатуру іерарха 15 студзеня 2025 года, перавёўшы яго з дыяцэзіі Сямынь на новую кафедру ў Фучжоў.

Біскуп Джозэф Цай Бінжуй нарадзіўся 15 верасня 1966 года ў каталіцкай сям'і. Яго фармацыя праходзіла ў семінарыі Шэшань у Шанхаі, дзе ён вывучаў філасофію і тэалогію з 1985 па 1992 год. Святарскае пасвячэнне атрымаў 15 жніўня 1992 года. Ужо праз год малады святар быў прызначаны адміністратарам дыяцэзіі Сямынь, а 19 лістапада 2007 года стаў яе біскупам. Абедзве дыяцэзіі – і Фучжоу, і Сямынь – знаходзяцца ў правінцыі Фуцзянь, якая размешчана на ўзбярэжжы Тайваньскага заліва.

Варта адзначыць, што гэтае прызначэнне з'яўляецца часткай працяглага дыялогу з кітайскімі ўладамі ў межах часовага пагаднення, падпісанага паміж Святым Пасадам і КНР, што спрыяе нармалізацыі становішча Каталіцкага Касцёла ў Кітаі.

Паводле інфармацыі агенцтва Fides, з моманту падпісання часовага пагаднення ў верасні 2018 года паміж Пекінам і Святым Пасадам было высвечана адзінаццаць біскупаў. Акрамя таго, восем біскупаў атрымалі публічнае прызнанне сваёй ролі ад улад у Пекіне.
 

24 студзеня 2025, 09:20