Рыхтуючыся да канклава: персанал прынёс урачыстую прысягу
Vatican News
Увесь персанал, зацверджаны кардыналам-камерленга і трыма кардыналамі-асістэнтамі, згодна з 48-м пунктам Апостальскай канстытуцыі "Universi Dominici Gregis", абавязаўся захоўваць таямніцу канклава.
Прысягу прымаў кардынал Кэвін Джозэф Фарэл, камерленга Святога Рымскага Касцёла, у прысутнасці двух апостальскіх протанатарыяў. Усе ўдзельнікі цырымоніі асабіста падпісалі прадугледжаную формулу прысягі.
Згодна з пунктамі 46-47 Канстытуцыі, на цырымонію прыбылі: сакратар Калегіі кардыналаў арцыбіскуп Ілсан дэ Жэзус Мантанары, папскі цырымоніймайстар арцыбіскуп Дыега Равэлі, папскія цэрыманімайстры, а таксама святар, выбраны кардыналам-старшынёй канклава для дапамогі яму ў выкананні яго абавязкаў.
Таксама прысягу прынеслі манахі, прызначаныя да Папскай Сакрыстыі, спаведнікі розных моў, медыкі, персанал, адказны за ліфты ў Апостальскім палацы, працаўнікі сталовай і клінінгавых службаў, кветкаводы і тэхнічны персанал.
Сярод прысягнуўшых былі таксама асобы, адказныя за транспарціроўку кардыналаў-выбаршчыкаў з Дома Святой Марты ў Апостальскі палац, палкоўнік і маёр Швейцарскай гвардыі, адказныя за нагляд у раёне Сікстынскай капэлы, а таксама дырэктар службы бяспекі і грамадзянскай абароны Ватыкана з супрацоўнікамі.
Перад прынясеннем прысягі ўсе ўдзельнікі атрымалі тлумачэнне наконт яе значэння. Кожны асабіста прысягнуў і падпісаў адпаведную формулу, абавязваючыся захоўваць поўную канфідэнцыйнасць.
Цырымонія прысягі з'яўляецца важным этапам падрыхтоўкі да канклава, дзе кардыналы-выбаршчыкі будуць выбіраць новага Папу. Ён распачнецца 7 мая 2025 года.