Вакантны пасад і Юбілей: такое ўжо было ў гісторыі
Тэкст: Паола Андарца / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News
Сітуацыя з вакантным папскім пасадам, якая склалася ў Касцёле ў гэтыя дні, нагадвае тое, што мела месца ў 1700 годзе. Тады таксама адзначаўся Юбілей: яго абвясціў Папа Інакенцій XII. Ён пакутаваў на рэўматычнае захворванне, падагру, і не змог прысутнічаць на адкрыцці Святой Брамы на Божае Нараджэнне 1699 года. Інакенцій XII памёр 27 верасня 1700 года ва ўзросце 85 гадоў і быў пахаваны ў ватыканскай базіліцы. Яго наступніка, Клімента XI, абралі 23 лістапада 1700 года.
Святы Дух і надзея не застацца сіротамі
У памяць пра амаль двухмесячны перыяд Sede vacante была адчаканена манета, якая захоўваецца ў калекцыі медалёў Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі. На рэверсе – голуб, сімвал Святога Духа, і лацінскі верш з Евангелля паводле святога Яна: "Non vos relinquam orphanos", або "Не пакіну вас сіротамі" (Ян 14:18).
"Гэта спасылка на смерць Інакенція XII, але таксама і відавочная надзея на канклаў, які меўся распачацца неўзабаве пасля гэтага", - патлумачыла "Vatican News" Элеанора Джампікала, загадчыца нумізматычнага аддзела Ватыканскай бібліятэкі.
Інакенцій XII і выбар на карысць бедных
“Слова orphanos, сіроты, адносіцца да хрысціян, якія засталіся без духоўнага кіраўніцтва Інакенція XII, вядомага як "айцец бедных". Гэтым ён вельмі нагадвае Францішка”. Гэты Папа клапаціўся пра бедных і сацыяльна ізаляваных, дапамагаў сіротам і бяздомным. Пасля смерці Інакенцій XII перадаў усю сваю маёмасць бедным, а Папа Францішак вырашыў ахвяраваць тое, што меў, на рэабілітацыю зняволеных, - распавяла эксперт.
Святы Дух на канклаве
“З XVII стагоддзя голуб Святога Духа становіцца распаўсюджаным сімвалам Sede vacante: ён сімвалізуе Божую дапамогу ў выбары новага Папы”. Унізе на рэверсе манеты змешчаны надпіс "Anno Iubil" (Юбілейны год). У адрозненне ад Юбілею, распачатага Францішкам у вігілію Божага Нараджэння, у 1700 годзе абрад адкрыцця Святой Брамы з яго трыма традыцыйнымі ўдарамі малатка не быў здзейснены Інакенціем XII, які цяжка хварэў.
Святая Брама, якую не адчыніў Папа
Кардыналы мусілі вызначыць таго, хто адчыніць Святую Браму замест Папы. З-за дрэннага стану здароўя дэкана Калегіі кардыналаў, выбар паў на віцэ-дэкана, кардынала Дэ Буёна. "Менавіта ён адчыніў Святую Браму ў ноч на Божае Нараджэнне 1699 года. Калі ж у 1700 годзе быў выпушчаны юбілейны медаль 1700 года, гравёр не захацеў адлюстроўваць кардынала, які замест Папы разбіў сцяну, а вырашыў выявіць адчыненую Святую Браму, праз якую праходзіла працэсія вернікаў”, - адзначыла нумізмат.
Манеты і медалі як сродкі камунікацыі
Значэнне манет і медалёў, што захоўваюцца ў нумізматычным аддзеле Ватыканскай бібліятэкі, было велізарным: “Яны былі асноўнымі сродкамі камунікацыі. Выявы разумелі нават тыя, хто не ўмеў чытаць. Манета з'яўляецца таксама і сродкам абмену, у той час як медаль – гэта перш за ўсё дакумент, сродак камунікацыі. Ён становіцца дакументам для нас, нашчадкаў, якія яго вывучаюць”, - дадала Элеанора Джампікала.
Папа аддае сваё жыццё Касцёлу
Сімвалічным сведчаннем блізкасці Інакенція XII да бедных з'яўляецца яшчэ адзін медаль. На аверсе адлюстраваны партрэт Папы Інакенція XII, а на рэверсе – міласэрнасць, якая прыходзіць на дапамогу бедным, і цытата: “Легенда адсылае да спадчыны”. Гэта спасылка на Кнігу Сіраха, у якой гаворыцца, што спадчына праведнікаў застанецца назаўжды, - зазначыла эксперт.
Любоў Папы Інакенція XII да сваіх духоўных дзяцей, да Касцёла, увекавечана медалём большага памеру, які вырабіла жанчына, Бэатрычэ Амерані. Яна паходзіла з сям'і гравёраў папскага манетнага двара. На рэверсе – пелікан, які разрывае сабе грудзі, каб крывёю накарміць сваіх птушанят. Гэтая іканаграфія традыцыйна сімвалізуе ахвяру Хрыста і Яго любоў да чалавецтва, - патлумачыла ватыканская спецыялістка па нумізматыцы.