У Ватыкане прайшла канферэнцыя на тэму няроўнасці пры лячэнні рака
Марыя Валодзіна - Vatican News
Удзельнікі канферэнцыі разгледзелі пытанні няроўнасці пры лячэнні рака і магчымасці яе пераадолення. У Афрыцы толькі 10% пацыентаў маюць доступ да радыётэрапіі. Няроўнасць захоўваецца нават у Еўропе: жанчыны ўсё яшчэ сутыкаюцца з перашкодамі, якія замінаюць своечасовай дыягностыцы, а менавіта яна можа вызначыць, будзе чалавек жыць ці не.
"Бедныя краіны і бедныя людзі не маюць доступу да самых сучасных сродкаў тэрапіі", - адзначыў старшыня Папскай акадэміі навук прафесар Ёахім фон Браўн. Установа прасоўвае канцэпцыю P4-медыцыны, заснаванай на прафілактыцы, удзеле, персаналізацыі і прагназаванні. Для гэтага патрэбна адпаведная інфраструктура – глабальная сетка Комплексных анкалагічных цэнтраў, якія аб’ядноўваюць даследаванні, клінічнае лячэнне і гуманны клопат.
ЕС ужо ідзе ў гэтым кірунку: імкнецца стварыць ад 50 да 100 такіх цэнтраў – адзін на кожныя 4,4 міліёна чалавек. "Мы ўжо дасягнулі вялікіх поспехаў, напрыклад, з вакцынацыяй супраць некаторых відаў раку. Для дзяўчынак вакцына можа прадухіліць рак шыйкі маткі, значна прасунулася ранняя дыягностыка раку кішэчніка. Але неабходна шырэй распаўсюджваць гэтыя інавацыі", - дадаў прафесар фон Браўн.
Удзельнікі канферэнцыі звярнулі ўвагу на яшчэ адзін выклік: недастатковую прадстаўленасць жанчын у клінічных даследаваннях. Доктар Масіміліяна Дзі П'етра з Інстытута ранняга выяўлення раку ў Кембрыджы падкрэсліў, што "афрыканскія жанчыны значна менш прадстаўлены" у даследаваннях па раку малочнай залозы, а адсутнасць інклюзіўнасці ў навуцы вядзе да выключэння цэлых груп пацыентаў. Эксперты падкрэслілі неабходнасць больш шырокіх даследаванняў, якія ўлічвалі б лакальныя метады лячэння, камбінацыі прэпаратаў і тэрапію на ранніх стадыях хваробы.
"У Афрыцы, асабліва ў Сахелі, і ў Азіі, не ўсе пацыенты маюць доступ да лячэння не толькі з-за недахопу тэхналогій, але і таму, што даследаванні раку там амаль не праводзяцца", - дадаў Дзі П'етра. Удзельнікі форума прапанавалі рашэнне: кожны Комплексны анкалагічны цэнтр павінен абраць пэўны рэгіён і стварыць "сетку" з мясцовымі шпіталямі і клінікамі. Толькі так можна забяспечыць своечасовую дыягностыку і эфектыўнае лячэнне кожнаму пацыенту, незалежна ад месца яго жыхарства.