MAP

Цырымонія ўшанавання памяці загінулых швейцарскіх гвардзейцаў Цырымонія ўшанавання памяці загінулых швейцарскіх гвардзейцаў  (@Vatican Media)

Швейцарскія гвардзейцы ўшанавалі памяць палеглых аднапалчан

6 мая 2025 года Папская Швейцарская гвардыя аддала даніну памяці 147 гвардзейцам, якія гераічна загінулі ў 1527 годзе, абараняючы Папу Клімента VII ад войскаў імператара Карла V.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Звычайна ў гэты дзень навабранцы складаюць урачыстую прысягу на вернасць Пантыфіку, але ў сувязі з перыядам Sede Vacante у Ватыкане прайшла толькі цырымонія ўшанавання памяці палеглых гвардзейцаў. Яна адбылася раніцай у парадным двары казармаў Швейцарскай гвардыі і не была публічнай. Гвардзейцы ўсклалі кветкавы вянок да помніка загінулым аднапалчанам і выслухалі прамову свайго камандзіра, палкоўніка Крыстафа Графа.

Швейцарская гвардыя служыць Папам з 1506 года. Салдаты і афіцэры адказваюць за асабістую ахову Святога Айца, суправаджаюць яго падчас паездак, а таксама выконваюць кантрольныя і цырыманіяльныя функцыі на тэрыторыі Ватыкана. Цяпер у гвардыі служаць 135 чалавек.

Найбольш трагічны момант у гісторыі невялікай папскай арміі здарыўся 6 мая 1527 года, калі Рым захапілі і разрабавалі войскі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V (пераважна нямецкія ландскнехты і іспанскія салдаты). Абараняючы Папу Клімента VII, у той дзень загінулі 147 з 189 швейцарскіх гвардзейцаў.
 

06 мая 2025, 12:28