MAP

Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса 

Кардынал Паралін: шлях Тэрэзы з Лізьё – сродак ад самадастатковасці

Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін узначаліў святую Імшу з нагоды 100-годдзя кананізацыі святой Тэрэзы з Лізьё. Літургія адбылася 17 мая 2025 года ў рымскім касцёле Санта-Трыніта-дэі-Монці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Найбліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка нагадаў, што святая Тэрэза разам са святым Францішкам Ксаверыем была абвешчаная апякункай місіянерскай дзейнасці Касцёла. Аднак, у адрозненне ад знакамітага езуіта, яна правяла сваё жыццё не ў далёкіх краінах, распаўсюджваючы Евангелле, а ў кляштары, прысвяціўшы сябе малітве.

Тэрэза ад Дзіцятка Езуса раскрывае таямніцу душэўнага спакою і жыцця паводле Евангелля дзякуючы свайму “маленькаму шляху” – выкананню канкрэтных “малых спраў” штодзённасці з любоўю, пакорай, даверам і прастатой, цалкам аддаючы сябе ў рукі Бога. Кардынал-дзяржсакратар падкрэсліў, што гэта не інфантылізм, а “радыкальнае вяртанне да Евангелля”.

Іерарх звярнуў увагу на актуальнасць паслання святой Тэрэзы, якая выбрала маласць у той час, калі чалавек – як у мінулым, так і сёння – “рознымі спосабамі адкідвае натуральную і ўзаемную залежнасць ад іншых і ад экасістэм, каб стаць падобным да Бога”. У гэтым “неўтаймаваным і скачкападобным пошуку аўтаноміі, самадастатковасці, незалежнасці ад усіх і ўсяго” сучасны чалавек не здольны даць “адказ на ўтоеныя таямніцы чалавечага існавання: ад сэнсу жыцця да паняцця дабра і граху, ад паходжання болю да шляху дасягнення сапраўднага шчасця”, - сказаў кардынал П’етра Паралін.
 

19 мая 2025, 12:50