Канклаў вачыма кардыналаў: Леў XIV як адказ на сучасныя выклікі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Канклаў – гэта перш за ўсё духоўны досвед, падчас якога кардыналы імкнуцца распазнаць волю Божую. Кардынал Рысь у інтэрв'ю для парталу Лодзскай архідыяцэзіі і выдання "Niedziela łódzka" падкрэсліў літургічны характар гэтай падзеі, дзе "найважнейшым пунктам адліку з'яўляецца Пан Езус".
Ты ёсць Пётр – у нас усіх былі дрыжыкі
"Кожны з нас прамаўляў словы: Бяру ў сведкі Езуса Хрыста, які будзе мяне судзіць у апошні дзень, што аддаў голас за таго, аб кім думаю, што павінен быць абраны", - распавёў кардынал Рысь пра момант прысягі.
Асабліва кранальнай была цырымонія пасля выбару Папы: "Калі найстарэйшы кардынал-дыякан казаў – Ты ёсць Пётр – у нас усіх былі дрыжыкі. Гэта досвед таго, што слова спаўняецца ў канкрэтнай асобе".
Імя Леў XIV мае глыбокае значэнне, наследуючы традыцыі Льва Вялікага, які "вёў дыялог з гунамі ў часы крызісу", і Льва XIII, аўтара сацыяльнай энцыклікі “Rerum Novarum”. "Святы Айцец указаў, што сёння мы стаім перад рэвалюцыяй, звязанай са штучным інтэлектам. Яго пантыфікат павінен стаць адказам на гэтыя выклікі", - патлумачыў кардынал Рысь.
Будаўнік мастоў, а не супрацьвага
Арцыбіскуп Нью-Ёрка кардынал Цімаці Долан абверг меркаванні, быццам Льва XIV абралі як "супрацьвагу" палітыцы Дональда Трампа.
"Не павінна нас здзіўляць, што мы будзем глядзець на Папу Льва як на будаўніка мастоў, бо менавіта гэта азначае лацінскае слова “pontifex”. Ён мае жаданне будаваць масты з кіраўніком кожнага народа. Я не думаю, што кардыналы наогул разглядалі яго як "супрацьвагу" для каго-небудзь", - падкрэсліў кардынал Долан.
Паводле кардынала Дэніэла ДзіНарда, Леў XIV – гэта "грамадзянін усяго свету", улічваючы яго місіянерскую дзейнасць у Паўднёвай Амерыцы і грамадзянства Перу, дзе ён правёў тры дзесяцігоддзі свайго жыцця.
Чалавек канкрэтны, які скарачае дыстанцыю
Кардынал Рысь вызначыў тры асноўныя напрамкі пантыфікату Льва XIV: евангелізацыю, клопат пра грамадскія справы і сінадальнасць. Ён адзначыў асаблівы стыль новага Папы: "Гэта чалавек канкрэтны, які скарачае дыстанцыю. Першы Папа, нумар тэлефона якога маю ў маім мабільным тэлефоне. Ён заўсёды пытаўся: "Ці маеш час? Ці дасі рады?". Ніколі не навязваў загады".
Апісваючы атмасферу ў Рыме пасля выбару новага Пантыфіка, кардынал Рысь назваў яе "пераходам ад смерці да жыцця" і "уваскрасеннем". На пытанне, ці з'яўляецца Леў XIV "папам цэнтра", ён адказаў: "Калі пад гэтым разумець здольнасць слухаць кожнага – так. Але ў яго ясныя погляды. Гэта не той, хто кажа і так, і не".
Польскі іерарх таксама падкрэсліў значэнне сінадальнасці: "Папа працаваў з намі сінадальным метадам – спачатку маўклівая малітва, потым дыялог у малых групах. Гэта яго стыль".