MAP

Кардыналы на балконе ватыканскай базілікі Кардыналы на балконе ватыканскай базілікі  (AFP or licensors)

“Гарманічны канклаў”: кардыналы дзеляцца ўражаннямі

Пасля выбару Папы Льва XIV кардыналы адзначаюць нечакана хуткі кансэнсус на канклаве і падкрэсліваюць асаблівасці новага Пантыфіка: уменне слухаць, працаваць у камандзе і пераадольваць падзелы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Удзельнікі канклава, які прывёў да выбару Папы Льва XIV, падзяліліся сваімі ўражаннямі, раскрываючы духоўны досвед гэтай падзеі, не парушаючы пры гэтым яе таямніцы.

Кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфект-эмерыт Кангрэгацыі веравучэння, адзначыў надзвычайную гарманічнасць канклава: "Бог ласкава выкарыстаў сумленне і кампетэнцыі Святой Калегіі кардыналаў, каб выбраць Наступніка Пятра. Мы верым у Духа Святога, які вядзе Касцёл Хрыстовы".

Новы Папа дапаможа пераадолець падзелы ў хрысціянстве

Нямецкі пурпурат нагадаў, што ў часы Папы Льва X адбыўся раскол, звязаны з дзейнасцю Марціна Лютэра. Кардынал Мюлер выказаў спадзяванне на тое, што цяпер, праз 500 гадоў, новы Папа з тым жа імем, які да таго ж з'яўляецца манахам-аўгустынцам, як і Лютэр, дапаможа аб'яднаць хрысціян і прынесці мір у свет.

Кардынал Жан-Марк Авелін, які ведае новага Папу па працы ў Дыкастэрыі па справах біскупаў, падкрэсліў яго выключныя лідарскія якасці: "Леў XIV – гэта Папа, якога мы будзем яшчэ доўга і паступова адкрываць, паколькі гэта чалавек вельмі стрыманы. Самі пераканаецеся, што гэта Папа, які нам патрэбны".

Французскі кардынал адзначыў, што Роберт Прэвост валодае вялікім уменнем слухаць і пакорай: "Ён умее працаваць у камандзе. Слухае, дазваляе гаварыць, дазваляе на абмен думкамі. Калі нельга дайсці да паразумення, не прымае рашэння. Калі ж прыходзіць да высновы, што справа гатовая, прымае рашэнне і бярэ адказнасць".

Мы дасягнулі кансэнсусу нечакана хутка

Кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, выказаў здзіўленне хуткасцю, з якой 133 кардыналы з 70 краін дасягнулі згоды: "Многія былі здзіўлены вынікам, я – не. Але я быў здзіўлены тым, як хутка мы дасягнулі кансэнсусу".

Швейцарскі кардынал падкрэсліў, што выбар 69-гадовага Папы паказвае на жаданне кардыналаў бачыць на Пятровым пасадзе не "пераходную" фігуру, а духоўнага лідара, які зможа кіраваць Касцёлам на працягу доўгага перыяду. Гэта значна маладзейшы ўзрост у параўнанні з Францішкам і Бэнэдыктам XVI, якім на момант выбару было 76 і 78 гадоў адпаведна.

Кардынал Авелін таксама падзяліўся духоўнымі ўражаннямі ад канклава: "Мы адчувалі, што нас вядуць. Гэта таямніца ў самым глыбокім, тэалагічным значэнні гэтага слова – сумеснае дзеянне людзей і Бога. І гэта мяне ўражвае найбольш".

Ён падкрэсліў, што асаблівае кіраўніцтва ўдзельнікаў канклава з боку Духа Святога – таксама плён надзвычайнай мабілізацыі вернікаў, якія ў гэты адказны момант падтрымлівалі кардыналаў сваёй малітвай.
 

11 мая 2025, 11:15