Кардынал Гуджэроці: Францішак вучыў нас любіць разнастайнасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
2 мая 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра прайшла сёмая Імша ў інтэнцыі спачылага Пантыфіка. Памаліцца за Францішка сабраліся вернікі і духавенства Усходніх Цэркваў.
У гаміліі Кардынал Клаўдыё Гуджэроці падкрэсліў, што ўваскрасенне – гэта "не з'ява, уласцівая чалавечай прыродзе", а хутчэй, дар Божы, які зыходзіць ад Бога дзякуючы Яго Духу. Менавіта праз гэты Дух людзі становяцца прыёмнымі дзецьмі Бога, якія разам з усім тварэннем заклікаюць да Яго: “Абба, Ойча”. Нягледзячы на гэта, "здаецца, што тварэнне і чалавек сёння маюць вельмі невялікую каштоўнасць”. І ўсё ж, паміж чалавецтвам і прыродай існуе непарыўная ўзаемасувязь. Тварэнне – гэта "спадарожнік на шляху чалавецтва”, яно “салідарнае з намі і чакае нашай салідарнасці ў адказ". Гэтая тэма была вельмі блізкая Францішку, - нагадаў іерарх.
Былы прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў паразважаў пра багацце ўсходнехрысціянскай духоўнасці, нагадаўшы пра глыбокія карані ўсходняй традыцыі, якія ўзыходзяць у самыя раннія дні хрысціянства, у “водар зямлі Панскай”. Ён падзякаваў прадстаўнікам Усходніх Цэркваў за тое, што яны ўзбагачаюць каталіцкасць Касцёла сваім досведам, культурай і духоўнасцю. “Папа Францішак, які вучыў нас любіць разнастайнасць і багацце чалавечага самавыяўлення, несумненна, радуецца сёння, бачачы, што мы аб’яднаныя ў малітве за яго і з ім”, - сказаў іерарх.
Кардынал Гуджэроці адзначыў, што “часам на працягу гісторыі мы на Захадзе не заўсёды разумелі нашых братоў і сясцёр на Усходзе.” Ён прапанаваў скарыстацца гэтай магчымасцю, каб зноў заявіць пра сваю гатоўнасць вітаць і падтрымліваць братоў і сясцёр з Усходніх Цэркваў, “асабліва цяпер, калі многія з іх вымушаныя пакідаць сваю старажытную радзіму, Святую Зямлю”. Сваю гамілію іерарх завяршыў малітвай святога Сімяона Новага Багаслова.