Вялікі чацвер у Ватыкане: кардынал Гамбэці пра любоў Хрыста
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Пан Езус не імкнецца да перамогі, апладысментаў ці багацця. Яго цікавіць толькі любоў – у гэтым сутнасць сапраўднага святарства", - так пранікнёна казаў у гаміліі кардынал Маўра Гамбэці, узначальваючы 17 красавіка 2025 года літургію Вялікага чацвярга.
Любоў праяўляецца ў жэсце абмывання ног
Архіпрэсбітэр ватыканскай базілікі нагадаў глыбокую сімволіку першай габрэйскай Пасхі ў Егіпце. Кроў ахвярнага ягняці, пазначаная на вушаках дамоў, абараняла ад смерці тых, хто ў супольнасці спажываў святочную вячэру. Гэты старазапаветны вобраз сведчыць пра тое, як Пан аберагае пакорных і давераных Яму людзей.
Пасха Хрыста, нагадаў іерарх, з'яўляецца вяршыняй і спаўненнем гэтай традыцыі. У акружэнні здрады, няволі і блізкай пакуты Езус стварае асаблівую прастору еднасці – "сяброўства вячэрніка".
Касцёл пакліканы да новай блізкасці
"За адным сталом з Хрыстом сабраліся вучні розных характараў і тэмпераментаў: запальчывыя і стрыманыя, амбітныя і пакорныя", - вобразна апісаў іерарх. Нягледзячы на іх недасканаласць, Збаўца прагне падзяліць з імі сваю Пасху.
Разважаючы пра значэнне гэтага моманту для сучаснага Касцёла, кардынал Гамбэці падкрэсліў, што святары, наследуючы Хрыста, пакліканы ўдзельнічаць ва ўніверсальнай ахвяры любові.
"Цяпер настаў час, калі Касцёл можа адкрыцца новай форме блізкасці з людзьмі. Гэтае абнаўленне адбываецца праз Эўхарыстыю, праз жыццё ў эўхарыстычным духу, праз наследаванне Хрыста, які адкрывае нам боскае вымярэнне чалавечнасці, атрыманае намі ў сакраманце хросту", - адзначыў архіпрэсбітэр ватыканскай базілікі.
Сэрца Хрыста, паводле кардынала Гамбэці, увасабляе сапраўднае святарства, якое жыве "дынамікай блізкасці і ўзаемнасці, здольнасцю даваць і прымаць, моцай служэння і радасцю прыняцця іншага".