MAP

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін  (ANSA)

Дзяржаўны сакратар: спіраль вайны можа спыніць толькі дыялог

Кардынал П’етра Паралін даў 18 красавіка 2025 года інтэрв’ю газеце “La Repubblica”, у якім выказаў сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з войнамі ва Украіне і ў Сектары Газы, падкрэсліў ролю шматбаковасці і дыялогу ў міжнародных адносінах, а таксама нагадаў, што мір немагчыма навязаць, яго трэба будаваць цярпліва і з узаемнай павагай.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Па словах кардынала Параліна, Святы Пасад вельмі занепакоены "рызыкай эскалацыі канфлікту" ва Украіне, што прывяло б да "далейшых пакут і новых ахвяр". У той жа час, ён прызнае, што "было б бесчалавечна пазбаўляць украінцаў права на абарону".

Дзяржсакратар нагадаў словы Папы Францішка аб тым, што "мір не можа быць навязаны. Ён будуецца цярпліва, дзень за днём, у дыялогу і ўзаемнай павазе". Ён выказаў падтрымку любой ініцыятыве, здольнай наблізіць спыненне вайны, бо яна "не можа доўжыцца бясконца".

Спыніць спіраль канфлікту

На думку іерарха, корань праблемы – ва "усё больш індывідуалістычным успрыманні чалавека і росту недаверу паміж бакамі міжнароднай супольнасці. Ніхто ўжо нікому не давярае. Такая атмасфера нараджае страх, гонку ўзбраенняў, прэвентыўную агрэсію і спіраль пастаяннага канфлікту".

У такіх умовах Святы Пасад імкнецца "запаліць хоць невялікае святло надзеі" і ўзмацніць голас Наступнікаў Пятра, якія ўжо больш за сто гадоў паслядоўна кажуць "не" вайне і гонцы ўзбраенняў, - дадаў ватыканскі дыпламат.

Святы Пасад падтрымлівае "суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны" і падкрэслівае, што "менавіта самі ўкраінцы павінны вырашыць, аб чым весці перамовы або ў чым, магчыма, саступіць". Справядлівы і трывалы мір магчымы толькі пры павазе да “справядлівасці і міжнароднага права”, - адзначыў кардынал Паралін.

Палітыка ЗША і шматбаковасць

Што тычыцца палітыкі ЗША, іерарх адзначыў, што падыход цяперашняй адміністрацыі прэзідэнта Трампа "значна адрозніваецца ад таго, да якога мы прызвычаіліся". “Святы Пасад заўсёды імкнецца ставіць чалавека ў цэнтр, а шмат уразлівых людзей сёння моцна пакутуюць, напрыклад, з-за скарачэння гуманітарнай дапамогі”, - дадаў ён.

"Святы Пасад няўхільна падтрымлівае шматбаковасць і лічыць, што неабходна заўсёды паважаць міжнароднае права і згоду паміж дзяржавамі", - падкрэсліў кардынал Паралін. На яго думку, менавіта Еўропа павінна быць гарантам шматбаковасці. Таму слова "пераўзбраенне" выглядае нязручным, бо яно заўсёды прадвяшчае ізаляцыю і новыя канфлікты, нават калі яно выкарыстоўваецца для апраўдання неабходнасці забяспечыць бяспеку Еўропы на фоне меншага ўдзелу ЗША.

Рэлігіі і дыялог

Нягледзячы на шматлікія канфлікты, кардынал Паралін выключае, што яны азначаюць "нуль дыялогу паміж рэлігіямі ". Гэта не рэлігійныя канфлікты, а спроба маніпулятыўнага выкарыстання рэлігій і духоўных каштоўнасцяў у выключна зямных мэтах", - перасцярог ён.
Каменціруючы сітуацыю ў Газе, іерарх адзначыў, што тое, што мы бачым там, "з чалавечага пункту гледжання жахліва і маральна недапушчальна". "Абарона – гэта права, але яна не можа апраўдваць поўнае або частковае знішчэнне іншага народа або пазбаўленне яго права на жыццё на сваёй зямлі", - падкрэсліў ён.

Кітай і будучыня дыпламатыі

На пытанне пра адносіны з Кітаем, кардынал Паралін пацвердзіў, што Святы Пасад мае надзею на адкрыццё пастаяннага прадстаўніцтва ў Пекіне, хоць пакуль гэта застаецца толькі спадзяваннем.

Напрыканцы размовы бліжэйшы супрацоўнік Папы зноў падкрэсліў: "Найбольшы ўнёсак, які Святы Пасад можа сёння зрабіць у міжнародную панараму – гэта менавіта дыялог: сведчыць пра яго значэнне і практыкаваць яго асабіста, нават калі гэта складана, нават калі гэты выбар непапулярны, нават калі ён здаецца бескарысным або неэфектыўным".

20 красавіка 2025, 07:46