Справа беатыфікацыі Дэ Гасперы перададзена Святому Пасаду
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Кардынал Бальтасарэ Рэйна, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, узначаліў цырымонію, падчас якой справа беатыфікацыі Слугі Божага Альчыдэ Дэ Гасперы, пасля паспяховага завяршэння яе дыяцэзіяльнага этапу, была перададзена ў Дыкастэрыю па справах кананізацыі.
Дэ Гасперы нарадзіўся ў 1881 годзе ў П’евэ-Тэзіна – невялікім мястэчку ў рэгіёне Трэнта на поўначы Італіі, якое ў той час уваходзіла ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі. Свае першыя крокі ў палітыцы ён зрабіў менавіта ў гэтай дзяржаве, праявіўшы сябе як абаронца італьянскай меншасці.
Пасля далучэння Трэнта да Італіі малады палітык пераехаў у Рым і стаў адным з лідараў хрысціянска-дэмакратычнай Народнай партыі. З усталяваннем фашысцкай дыктатуры яго арыштавалі, і ён правёў шаснаццаць месяцаў у турме.
Падчас зняволення, каб не губляць эмацыйнай сувязі са сваёй маленькай дачкой, Дэ Гасперы напісаў для яе гісторыю Езуса Хрыста, суправадзіўшы тэкст выявамі Святой Зямлі, выразанымі з амерыканскага часопіса The National Geographic Magazine, а таксама цытатамі з псальмаў, прарокаў і ўрыўкамі з Евангелля. У 2020 годзе яна была выдадзена асобнай кнігай.
Палітык быў вызвалены з турмы па просьбе Святога Пасаду. На працягу чатырнаццаці гадоў працаваў у Ватыканскай апостальскай бібліятэцы, дзе вывучаў міжнародныя праблемы і досвед хрысціянскіх дэмакратаў у розных краінах Еўропы. У 1943 годзе разам з адзінадумцамі заснаваў падпольную Хрысціянска-дэмакратычную партыю.
У пасляваенны час Альчыдэ Дэ Гасперы займаў пасады міністра замежных спраў і міністра ўнутраных спраў, а з 1946 па 1953 год станавіўся прэм’ер-міністрам у васьмі італьянскіх урадах. Ён правёў шэраг важных рэформ, заснаваў фонд салідарнасці з беднымі паўднёвымі рэгіёнамі, вывеў постфашысцкую Італію з міжнароднай ізаляцыі, паспяхова ўрэгуляваў тэрытарыяльны канфлікт з суседняй Аўстрыяй і разам з Робертам Шуманам і Конрадам Адэнаўэрам заклаў аснову еўрапейскай інтэграцыі.
Адным з матываў, якім Дэ Гасперы кіраваўся ў жыцці, была прага святасці. Просячы рукі ў сваёй будучай жонкі, Франчэскі Рамані, Дэ Гасперы прапаноўваў ёй стаць яго спадарожніцай на шляху да Хрыста. “Франчэска, я больш не хачу быць адзін перад Ім”, - пісаў ён, папярэджваючы сваю абраніцу аб тым, што ніколі не будзе зарабляць шмат, бо мае цвёрдыя маральныя прынцыпы. У 1922 годзе Альчыдэ і Франчэска ажаніліся. У іх нарадзіліся чатыры дачкі, адна з якіх стала законніцай і заўсёды духоўна апекавалася сваім бацькам.
Дэ Гасперы ніколі не імкнуўся да ўласнага ўзбагачэння, але вельмі ашчадна ставіўся да бюджэтных грошай. У 1921 годзе ён выклікаў абурэнне дэпутатаў, якія чакалі ад яго першага выступлення ў італьянскім парламенце слоў радасці з прычыны вяртання паўночных рэгіёнаў у “родную гавань”, а Дэ Гасперы пачаў дэталёва расказваць пра тое, што ў Аўстрыі бюджэтныя сродкі расходуюцца значна больш эканомна, чым у Італіі, дзе нават адпраўка звычайнага заказнога ліста каштавала дзяржаўнаму бюджэту ў тры разы даражэй, чым у суседняй краіне.
Аднойчы, звяртаючыся да аднапартыйцаў, Дэ Гасперы сказаў: “Мы не можам змяніць свет, калі спачатку не зменім сябе, нашы сем’і, нашы парламенцкія групы... Называючы сябе хрысціянамі ў палітычнай дзейнасці, мы абавязаны кіравацца глыбокім пачуццём грамадзянскага братэрства, маралі і справядлівасці ў адносінах да самых слабых і бедных”.
Дэ Гасперы быў чалавекам дыялогу, які шукаў пункты паразумення з людзьмі розных рэлігійных перакананняў і палітычных поглядаў, ставячы на першае месца агульнае дабро не толькі свайго народа, але і ўсёй сям’і еўрапейскіх краін. Ён быў перакананым антыфашыстам і антыкамуністам, у першую чаргу цаніў свабоду – прынцып, які дазваляе людзям праявіць свае самыя лепшыя якасці. Менавіта гэта слова на лацінскай мове – Libertas – ён змясціў на эмблему сваёй партыі.
Альчыдэ Дэ Гасперы памёр у 1954 годзе з імем Езуса на вуснах. Яго пахавалі ў атрыўме рымскага касцёла Святога Лаўрэнція па-за мурамі. Над магілай палітыка знаходзіцца мармуровая табліца з надпісам на лацінскай мове: Et qui pacem Patriamque dilexit Lux recuietis aeternae affulgeat (Няхай таму, хто любіў мір і Айчыну, свеціць вечнае святло).
У 1993 годзе распачаўся беатыфікацыйны працэс палітыка. Ксёндз Франка Коста, які добра ведаў яго, падкрэсліваў: “Хто будзе пісаць пра жыццё Дэ Гасперы, павінен вывучаць не толькі сацыяльныя і палітычныя ідэі, якімі ён кіраваўся, і справы, якія ён здзейсніў, але таксама і яго духоўнасць”, - адзначаў італьянскі журналіст Антоніа Політа, аўтар біяграфіі Дэ Гасперы, што выйшла ў 2024 годзе.