MAP

Bambino Gesù. Новы метад лячэння нейрабластомы ў дзяцей Bambino Gesù. Новы метад лячэння нейрабластомы ў дзяцей 

Bambino Gesù: прарыў у лячэнні нейрабластомы ў дзяцей

Ватыканскі педыятрычны шпіталь Bambino Gesù распрацаваў новы метад лячэння, які дае надзею дзецям, хворым на цяжкія формы нейрабластомы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Даследаванне, апублікаванае ў часопісе Nature Medicine, сведчыць аб эфектыўнасці выкарыстання донарскіх клетак CAR-T для лячэння рэзістэнтнай і рэцыдыўнай нейрабластомы у дзяцей. Гэты прарыў у педыятрычнай анкалогіі дае надзею маленькім пацыентам з цяжкімі формамі нейрабластомы, якія не рэагуюць на стандартныя метады лячэння.

Нейрабластома з'яўляецца найбольш распаўсюджанай пазачэрапной пухлінай у дзяцей. Яна складае 7-10 % усіх выпадкаў анкалагічных захворванняў у дзяцей ва ўзросце ад 0 да 5 гадоў. У Італіі штогод дыягнастуецца каля 120-130 новых выпадкаў. Для тых, хто не паддаецца традыцыйным метадам лячэння, у тым ліку хіміятэрапіі і радыётэрапіі, новы метад можа стаць ключавым крокам наперад.

У даследаванні, праведзеным у педыятрычным шпіталі Bambino Gesù, удзельнічалі пяць дзяцей з рэфрактарнай або рэцыдыўнай формай нейрабластомы або з цяжкай лімфапеніяй (стан, які характарызуецца нізкай колькасцю лімфацытаў у перыферычнай крыві). Трое з іх дасягнулі поўнай рэмісіі, у аднаго адзначаны значныя паляпшэнні. Тэрапія, заснаваная на выкарыстанні донарскіх клетак CAR-T, можа стаць альтэрнатывай для пацыентаў, якім не дапамаглі ўласныя клеткі CAR-T.

“Гэта даследаванне з'яўляецца яшчэ адным крокам у барацьбе з нейрабластомай”, - адзначыў кіраўнік Цэнтра анкагематалагічных клінічных даследаванняў і клетачнай тэрапіі Bambino Gesù прафесар Франка Лакатэлі. Па яго словах, выкарыстанне донарскіх клетак CAR-T можа мець больш эфектыўнае дзеянне, бо гэтыя клеткі не падвяргаліся ўплыву папярэдніх курсаў хіміятэрапіі.

Новы метад лячэння атрымаў прызнанне Еўрапейскага агенцтва па лекавых сродках (EMA) у рамках праграмы PRIME, якая накіравана на аптымізацыю і паскарэнне распрацоўкі перспектыўных тэрапій. Гэта першы выпадак, калі распрацаваная ў акадэмічных колах тэрапія клеткамі CAR-T супраць цвёрдых пухлін атрымала такі статус.

Прафесар Франка Лакатэлі
Прафесар Франка Лакатэлі
12 лютага 2025, 13:03