"Калі ты станеш маленькай": песня, якая расчуліла мільёны слухачоў
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News
Гледачы ў тэатры Арыстон падняліся з месцаў, вітаючы апладысментамі выкананне песні Quando sarai piccola (Калі ты станеш маленькай), а мільёны італьянцаў, якія глядзелі тэлевізійную трансляцыю, былі глыбока кранутыя яе словамі. У песні гаворыцца аб клопаце сына пра маці, чый розум вярнуўся ў дзіцячы стан. Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ нагадаў, што песня прагучала ў Сусветны дзень хворых і наогул у час, калі ў грамадстве лунае шмат пытанняў пра апошні этап жыцця.
"Яшчэ адзін дзень, каб быць разам з табой, каб вярнуць табе ўсё жыццё, якое ты дала мне, і ўсміхнуцца часу і таму, як ён змяняе нас. Калі ты станеш маленькай, я буду так моцна абдымаць цябе, што ты не будзеш баяцца нічога, нават смерці. Ты дасі мне руку, а я пацалую цябе ў лоб”. Кожнае слова, праспяванае Сімонэ Крысцікі на сцэне фестывалю ў Санрэма, выпраменьвае падзяку і любоў. Гаворыць пра жыццё, пра годнасць жыцця. Гаворыць пра тое, чаго жадае кожны: адчуваць любоў, клопат, моцныя вузы, асабліва ў час пакут і хвароб.
Песня заклікае нас задумацца: як зрабіць так, каб кожнага чалавека, сапраўды кожнага, на ўсіх этапах жыцця суправаджалі клопат і падтрымка, і каб ніхто ніколі не заставаўся ў адзіноце? Хіба не жадаем і мы, каб хтосьці клапаціўся пра нас так, як Сымонэ клапоціцца пра сваю маці, працягваючы любіць яе, нягледзячы на змены, выкліканыя хваробай? Клапаціцца – не значыць ацаліць ад усіх хвароб або пераадолець усе слабасці. Клапаціцца – значыць бачыць іншага, прымаць і любіць яго, тым самым робячы кожны этап жыцця годным.