MAP

Выява благаслаўлёнага Карла Акуціса Выява благаслаўлёнага Карла Акуціса 

Святы міленіял: фільм пра Карла Акуціса – у дзень кананізацыі

У дзень кананізацыі Карла Акуціса, 27 красавіка 2025 года, у кінатэатрах ЗША выйдзе дакументальны фільм пра першага святога пакалення міленіялаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Стужка Carlo Acutis: Roadmap to Reality распавядае пра маладога італьянца, які стаў сімвалам гарманічнага спалучэння сучасных тэхналогій і глыбокай веры. Як паведамляе прадзюсарская кампанія Castletown Media, фільм закранае актуальныя тэмы лічбавага свету, уключаючы пытанні штучнага інтэлекту і меж тэхналагічнага развіцця.

Рэжысёр Цім Марыяці падкрэслівае асаблівую місію Карла Акуціса ў лічбавым свеце: "Ён быў анлайн, каб весці людзей афлайн. Ён выкарыстоўваў інтэрнэт, каб прывесці людзей да Эўхарыстыі і сапраўдных сустрэч".

Стужка сочыць за групай старшакласнікаў з Паўночнай Дакоты, якія адправіліся ў двухтыднёвае паломніцтва ў Італію да магілы Акуціса. Асаблівасцю падарожжа стала поўная адмова ад тэхналогій і мабільных тэлефонаў. У фільме таксама прадстаўлены ўспаміны сям'і і сяброў будучага святога.

Кананізацыя Карла Акуціса, які памёр ад лейкеміі ў пятнаццацігадовым узросце, стане адной з галоўных падзей Святога 2025 года. Ён быў беатыфікаваны ў канцы 2020 года і стаў вядомы ва ўсім свеце як кіберапостал і заступнік інтэрнэту. Яго жыццё было напоўнена малітвай і валанцёрскай працай, а таксама стварэннем вэб-сайтаў для сваёй парафіі ў Мілане і збору інфармацыі пра эўхарыстычныя цуды.
 

14 лютага 2025, 10:50