MAP

Біенале ісламскага мастацтва: дыялог з Апостальскай Сталіцай

25 студзеня 2025 года ў Джыдзе (Саудаўская Аравія) распачнецца II Біенале ісламскага мастацтва. Чакаецца, што яго наведае каля мільёна чалавек. У выставе прымуць удзел звыш 30 міжнародных арганізацый, у тым ліку і Ватыканская апостальская бібліятэка.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Супрацоўніцтва паміж арганізатарамі біенале і Ватыканскай бібліятэкай ажыццяўляецца ў кантэксце заклiку Францішка да братэрства і дыялогу з ісламам. Месцам правядзення стане заходні тэрмінал міжнароднага аэрапорта імя караля Абдул-Азіза, які штогод прымае мільёны падарожнікаў на шляху ў Меку і Медзіну. Джыда, размешчаная на важных рэлігійных і культурных маршрутах, здаўна з'яўляецца цэнтрам культурнага абмену.

Выстава, якая працягнецца да 25 мая 2025 года, будзе прысвечана тэме стварэння, узятай з Карану: І Бог стварыў Нябёсы, Зямлю і ўсё, што паміж імі. Яна даследуе розныя спосабы, якімі вера выяўляецца ў ісламскай цывілізацыі праз эстэтычны і духоўны досвед. У экспазіцыі будуць прадстаўленыя сучасныя мастацкія творы і гістарычныя аб'екты ісламскіх культур, такія як карты, астранамічныя прылады і ювелірныя вырабы, якія паходзяць з вядучых устаноў ісламскага мастацтва па ўсім свеце: ад Туніса да Ташкента, ад Цімбукту да Джакарты.

Агульная плошча выставачнай прасторы складзе больш за сто тысяч квадратных метраў. Больш за 500 экспанатаў будуць прадстаўлены ў семі секцыях, размешчаных у пяці залах і на адкрытых пляцоўках. Некаторыя рэлігійныя артэфакты і мастацкія творы былі пазычаны ў такіх прэстыжных установах, як парыжскі Луўр, лонданскі Музей Вікторыі і Альберта, Музей ісламскага мастацтва ў Досе і стамбульскі Інстытут рукапісаў. Наведвальнікі змогуць таксама ўбачыць прадметы і мастацкія творы з святых месцаў Мекі і Медзіны.

Мерапрыемства служыць платформай для мастакоў з усяго свету, спрыяючы культурнаму абмену і дыялогу. У рамках стратэгіі на 2030 год Саудаўская Аравія імкнецца пазіцыяніраваць сябе як важны культурны цэнтр, каб знізіць залежнасць ад нафты і дыверсіфіцыраваць эканоміку.

Мастацкі кіраўнік біенале Абдул Рахман Аззам патлумачыў, што мэта мерапрыемства – паказаць разнастайнасць ісламскай культуры. Распаўсюджанне ісламу, будзь то ў Інданезіі ці ў Заходняй Афрыцы, прывяло да ўзаемадзеяння з мясцовымі традыцыямі. Гэта ўзбагаціла ісламскую культуру, зрабіўшы яе разнастайнай і шматграннай. Выстава заклікана таксама прадэманстраваць, што ісламская культура не належыць выключна мінуламу, але застаецца актуальнай і дынамічнай у сучасным свеце.

Кіраўнік мерапрыемства падкрэсліў важнасць удзелу Ватыканскай бібліятэкі. Ён адзначыў, што супрацоўніцтва з гэтай унікальнай установай, якая на працягу стагоддзяў назапасіла “надзвычай багатую скарбніцу” ісламскіх рукапісаў і артэфактаў, з'яўляецца прыярытэтам для арганізатараў. “Супрацоўніцтва з Папскай бібліятэкай было для нас цудоўным досведам, таму што мы маем справу з установай, якая мысліць у масштабах стагоддзяў, а не гадоў ці дзесяцігоддзяў. Гэта ўстанова мае ўнікальную глыбіню і значнасць", - сказаў ён.

Мастацкі дырэктар біенале таксама падкрэсліў сімвалічнае значэнне ўдзелу Святога Пасада ў падзеі, якая праходзіць непадалёк ад Мекі. “Гэта надзвычай моцны і пазітыўны сімвалічны акт. У неспакойны перыяд, у які мы жывём, выдатна, што такія важныя ўстановы аб'ядноўваюцца для вывучэння агульных каштоўнасцей у мастацтве і культуры", - сказаў ён.

19 студзеня 2025, 11:16