Папа ўзначаліў урачыстасць у памяць румынскага епіскапа Хосу
Марыя Валодзіна - Vatican News
2 чэрвеня 2025 года ў Сікстынскай капэле адбыўся памятны акт, прысвечаны благаслаўлёнаму Юліу Хосу (1885-1970), епіскапу румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, які падвергся пераследу з боку камуністычнага рэжыму.
У сваёй прамове Пантыфік назваў епіскапа Хосу “апосталам надзеі”. “Сёння ён, у пэўным сэнсе, увайшоў у гэтую капліцу, паколькі быў прызначаны кардыналам таемна (in pectore) святым Паўлам VI 28 красавіка 1969 года, калі знаходзіўся ў зняволенні за вернасць Рымскаму Касцёлу”, - нагадаў Леў XIV.
Святы Айцец сардэчна прывітаў усіх прысутных: прадстаўнікоў Грэка-Каталіцкай Царквы Румыніі, грамадзянскія ўлады і старшыню Федэрацыі яўрэйскіх абшчын Румыніі. Ён адзначыў, што постаць кардынала Юліу Хосу – гэта сімвал братэрства, які пераадольвае ўсе этнічныя і рэлігійныя межы. “Распачаты ў 2022 годзе працэс надання яму звання Праведніка народаў свету, быў матываваны яго мужнай прыхільнасцю справе падтрымкі і выратавання яўрэяў Паўночнай Трансільваніі, калі ў перыяд з 1940 па 1944 год нацысты ажыццяўлялі жахлівы план іх дэпартацыі ў лагеры смерці”, - адзначыў Папа.
“Падвяргаючы велізарнай небяспецы сябе і Грэка-Каталіцкую Царкву, благаслаўлёны Юліу Хосу разгарнуў шырокую дзейнасць у абарону яўрэяў з мэтай прадухілення іх дэпартацыі. Вясной 1944 года, калі ў Клуж-Напоцы і іншых гарадах Трансільваніі вялася падрыхтоўка да стварэння гета, ён з дапамогай пастырскага ліста, апублікаванага 2 красавіка 1944 года, мабілізаваў грэка-каталіцкае духавенства і вернікаў”, - распавёў Пантыфік, дадаючы, што вядома пра гэта стала дзякуючы сведчанню тагачаснага галоўнага рабіна яўрэйскай супольнасці Мошэ Кармілі-Вайнбергера.
У сваім лісце епіскап Хосу выступіў з гарачым, пранікнёным зваротам – “дапамагчы яўрэям не толькі думкамі, але і ахвяраваннямі, ведаючы, што няма сёння больш высакароднага ўчынку, чым аказанне хрысціянскай і румынскай дапамогі, народжанай з палымянай чалавечай міласэрнасці. Нашым першачарговым клопатам у гэты момант павінна быць гэтая праца па аказанні дапамогі". Згодна з сведчаннем былога галоўнага рабіна, кардынал Хосу дапамог выратаваць жыцці тысяч яўрэяў у Паўночнай Трансільваніі ў перыяд з 1940 па 1944 год, - зазначыў Папа, дадаючы, што надзея, якую нёс гэты вялікі пастыр, была надзеяй чалавека веры, які ведае, што зло не пераможа.
Па словах Льва XIV, “яго жыццё было сведчаннем веры, увасобленай у малітве і адданасці іншым. Чалавек дыялогу і прарок надзеі, ён быў беатыфікаваны Папам Францішкам 2 чэрвеня 2019 года ў Блажы. У гаміліі з той нагоды Папа працытаваў словы кардынала Хосу, якія сталі квінтэсенцыяй яго жыцця: "Бог паслаў нас у гэтую цемру пакут, каб прапанаваць прабачэнне і маліцца аб усеагульным навяртанні".
На думку Пантыфіка, гэтыя словы ўвасабляюць дух пакутнікаў: непахісную веру ў Бога, пазбаўленую нянавісці і напоўненую міласэрнасцю, якая пераўтварае пакуты ў любоў да сваіх ганіцеляў. “Нават сёння яны гучаць як прароцкі заклік пераадолець нянавісць праз прабачэнне і жыць сваёй верай з годнасцю і мужнасцю”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Касцёл блізкі да пакут яўрэйскага народа, якія дасягнулі свайго трагічнага апагею ў Халакосце. Ён добра ведае, што значаць боль, ізаляцыя і пераслед. Менавіта таму Касцёл адчувае сумленны абавязак: будаваць грамадства, заснаванае на павазе да чалавечай годнасці”, - сцвердзіў Папа.
“Пасланне кардынала Хосу застаецца надзвычай актуальным. Тое, што ён зрабіў для яўрэяў Румыніі, і яго гатоўнасць абараняць бліжняга, нягледзячы на ўсе рызыкі і пагрозы, робіць яго сёння ўзорам свабоды, мужнасці і шчодрасці – аж да прынясення найвышэйшай ахвяры. Таму яго дэвіз “Наша вера – наша жыццё” павінен стаць дэвізам кожнага з нас”, - заахвоціў Леў XIV.
“Малюся і спадзяюся, што яго прыклад, які прадбачыў вучэнне, сфармуляванае пазней у дэкларацыі Nostra Aetate Другога Ватыканскага Сабора, шасцідзесяцігоддзе якой набліжаецца, разам з вашай сяброўствам паслужаць маяком для сённяшняга свету. Давайце скажам “Не!" гвалту ва ўсіх яго формах, асабліва калі ён накіраваны супраць безабаронных і ўразлівых, такіх як дзеці і сем'і”, - заклікаў Папа.