MAP

Луіджы Карбонэ Луіджы Карбонэ  (ANSA)

Папа прызначыў новага кіраўніка службы аховы здароўя

Новым кіраўніком Упраўлення аховы здароўя і гігіены стаў Луіджы Карбонэ, які раней займаў пасаду намесніка дырэктара гэтай медыцынскай установы.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Папа Леў XIV прызначыў Луіджы Карбонэ дырэктарам Упраўлення аховы здароўя і гігіены Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

Доктар Луіджы Карбонэ, які да гэтага займаў пасаду намесніка дырэктара ватыканскай медслужбы, пачне выконваць свае новыя абавязкі з 1 жніўня 2025 года. Раней ён быў урачом Папы Францішка і суправаджаў яго падчас хваробы.

Карбонэ сменіць на пасадзе кіраўніка медслужбы прафесара Андрэа Арканджэлі, якому спаўняецца 70 гадоў. Прафесар Арканджэлі кіраваў упраўленнем з 1 жніўня 2020 года.

Луіджы Карбонэ нарадзіўся ў 1972 годзе ў Міджана на поўдні Італіі. Ён мае шырокі досвед у галіне аховы здароўя, узначальвае прыёмнае аддзяленне рымскага шпіталя “Gemelli Isola” (былы Fatebenefratelli), а таксама выкладае на некалькіх медыцынскіх факультэтах, у тым ліку ў Каталіцкім ўніверсітэце Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

02 чэрвеня 2025, 13:31