Святы Айцец: Дух Езуса змяняе свет праз перамену сэрцаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Сустрэча адбылася увечары 8 мая 2025 года, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Святога Духа. Пантыфік заўважыў, што, звяртаючыся ў малітве да Святога Духа, мы адкрываемся на Божае Валадарства, а гэта і ёсць “навяртанне паводле Евангелля: зварот да Валадарства, якое ўжо блізка”.
Папа нагадаў, што Святы Дух “яднае нашы гісторыі з гісторыяй Езуса” і, такім чынам, мы “злучаемся з усім новым, што стварае Бог, каб Яго воля жыцця споўнілася і перамагла волю смерці”.
“На Пяцідзясятніцу Марыя, Апосталы, вучаніцы і вучні, што былі разам з імі, атрымалі Духа адзінства, які навечна ўкараніў іх адметнасці ў адзіным Пану Езусе Хрысце. Не шмат місій, але адна місія. Не закрытыя і сварлівыя, а адкрытыя і светлыя”, - дадаў ён.
Пантыфік падкрэсліў патрэбу свету ў адзінстве: “У свеце, разарваным і без супакою, Дух Святы вучыць нас ісці разам. Зямля знойдзе адпачынак, справядлівасць умацуецца, бедныя будуць радавацца, мір вернецца, калі мы будзем рухацца не як драпежнікі, але як пілігрымы. Не кожны сам па сабе, але гарманізуючы свае крокі з крокамі іншых. Не прагна пажыраючы свет, але апрацоўваючы і ахоўваючы яго, як вучыць нас энцыкліка “Laudato si’”, - сказаў Папа.
“Няхай жа вашы згуртаванні і супольнасці стануць школамі братэрства і ўдзелу – не толькі месцамі сустрэчы, але і месцамі духоўнасці. Дух Езуса змяняе свет, бо змяняе сэрцы”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што, каб ісці за Езусам, “не патрэбныя магутныя спонсары, мірскія кампрамісы, эмацыйныя стратэгіі”. “Евангелізацыя – гэта справа Бога, і калі яна часам здзяйсняецца праз нас, дык дзякуючы сувязям, якія Ён робіць магчымымі. Будзьце глыбока з’яднаныя з кожным з мясцовых Касцёлаў і парафіяльных супольнасцяў, дзе вы ўзрошчваеце і выкарыстоўваеце свае харызматы”, - сказаў Папа.
Леў XIV заклікаў касцельныя рухі і аб’яднанні свецкіх вернікаў дзейнічаць у гарманічнай еднасці з біскупамі і іншымі членамі Касцёла. “Тады выклікі, што стаяць перад чалавецтвам, будуць менш страшнымі, будучыня – менш цёмнай, распазнанне – менш складаным. Калі мы разам будзем слухаць Святога Духа!”, - завяршыў прамову Пантыфік.