MAP

Леў XIV: Папа не працуе адзін, Дзяржсакратарыят грае ключавую ролю

Касцёл пакліканы быць уцелаўлёным у сучаснасць і гісторыю, а таксама захоўваць універсальны, каталіцкі погляд, - падкрэсліў Пантыфік падчас аўдыенцыі з супрацоўнікамі Дзяржаўнага сакратарыята.

Марыя Валодзіна - Vatican News

5 чэрвеня 2025 года Папа правёў сустрэчу з супрацоўнікамі Дзяржаўнага сакратарыята Святога Пасада. Гэта была першая афіцыйная сустрэча Льва XIV з прадстаўнікамі гэтай установы Рымскай курыі з пачатку яго пантыфікату.

Пантыфік падзякаваў Кардыналу-Дзяржсакратару за бесперапыннае супрацоўніцтва з ім на першым этапе яго служэння. Ён адзначыў, што Дзяржаўны сакратарыят выконвае каштоўнае служэнне Касцёлу, дапамагаючы Папу ў выкананні ўскладзенай на яго місіі, згодна з апостальскай канстытуцыяй Praedicate Evangelium. “Мне прыемна ведаць, што я не самотны і магу падзяліць адказнасць за папскае служэнне з вамі”, - сказаў Леў XIV, шчыра дзякуючы ўсім супрацоўнікам Дзяржсакратарыята.

Святы Айцец нагадаў аб тым, што Дзяржаўны сакратарыят мае багатую гісторыю, карані якой сягаюць у канец XV стагоддзя. З цягам часу ўстанова набыла больш універсальны характар і пашырыла свае функцыі ў адказ на новыя патрэбы Касцёла і міжнароднай супольнасці. Сёння амаль палову супрацоўнікаў складаюць свецкія вернікі. Таксама тут працуюць больш за пяцьдзясят жанчын: як свецкіх, так і законніц.

Святы Айцец звярнуў увагу на два істотных вымярэння, якія павінна адлюстроўваць дзейнасць Сакратарыяту: уцелаўленне і каталіцкасць.

Касцёл пакліканы быць уцелаўлёным у час і гісторыю, каб радасць Евангелля магла дасягнуць усіх з дапамогай сучаснай мовы і культуры. Адначасова ён пакліканы захоўваць універсальны, каталіцкі погляд, які дазваляе цаніць разнастайнасць культур і пачуццяў. Такім чынам Касцёл становіцца рухаючай сілай у пабудове еднасці паміж Касцёлам Рыма і мясцовымі Касцёламі, а таксама ў сяброўскіх стасунках з міжнароднай супольнасцю.

Папа нагадаў, што апостальская канстытуцыя “Praedicate Evangelium” надае Дзяржаўнаму сакратарыяту каардынацыйную ролю, якая даверана Секцыі па агульных справах пад кіраўніцтвам Субстытута пры дапамозе Асэсара. Акрамя таго, канстытуцыя вылучае Секцыю па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, якую ўзначальвае Сакратар з двума Намеснікамі. Трэцяя секцыя Дзяржаўнага сакратарыята – Секцыя па справах дыпламатычнага персанала – займаецца падтрымкай папскіх прадстаўніцтваў і членаў дыпламатычнага корпуса ў Рыме і па ўсім свеце. Ёй кіруе Сакратар і яго Намеснік.

Папа яшчэ раз шчыра падзякаваў сваім супрацоўнікам за навыкі, якія яны прысвячаюць Касцёлу, і нагадаў пра важнасць супрацоўніцтва, адсутнасці амбіцый і антаганізму. Ён заклікаў супрацоўнікаў быць сапраўднай супольнасцю веры і міласэрнасці, “братамі і дзецьмі Папы”, якія шчыра служаць дабру ўсяго Касцёла.

Напрыканцы прамовы Папа даверыў усіх апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, і ўдзяліў кожнаму прысутнаму, іх блізкім і іх дзейнасці апостальскае благаслаўленне.

05 чэрвеня 2025, 11:35