MAP

Падчас Імшы на заканчэнне Юбілею сем'яў, дзяцей, бабуль, дзядуль і пажылых людзей у Ватыкане Падчас Імшы на заканчэнне Юбілею сем'яў, дзяцей, бабуль, дзядуль і пажылых людзей у Ватыкане  (@Vatican Media)

Святы Айцец: сям'я – месца сустрэчы Езуса, Які нас любіць

Сям'я з'яўляецца асаблівым месцам, дзе сустракаем Езуса, Які заўсёды любіць нас і жадае нашага дабра, заявіў Леў XIV 1 чэрвеня 2025 года падчас Эўхарыстыі на Плошчы Святога Пятра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папская літургія завяршыла Юбілей сем'яў, дзяцей, бабуль, дзядуль і пажылых людзей у Ватыкане. Падчас гаміліі Леў XIV нагадаў пра святыя сем'і, згадаўшы таксама сям'ю Ульмаў – бацькоў і дзяцей, "аб'яднаных у любові і ў мучаніцтве".

Звяртаючыся да прачытанага фрагмента Евангелля (Ян 17, 20-26), Святы Айцец падкрэсліў, што Хрыстус просіць нас быць адным цэлым. Гэта найвялікшае дабро, якога можна жадаць, бо ўвасабляе сярод стварэнняў любоў трох Асоб Найсвяцейшай Тройцы. Ён заўважыў, што Пан не жадае, каб мы, імкнучыся аб'яднацца, сталі нявызначанай масай, а каб былі адным цэлым, як адно цэлае складаюць Айцец і Сын.

Перад юбілейнай Імшой
Перад юбілейнай Імшой   (@Vatican Media)

"Езус адкрывае нам, што Бог нас любіць так, як любіць самога сябе"

"Езус адкрывае нам, што Бог нас любіць так, як любіць самога сябе", - падкрэсліў Пантыфік. Ён заўважыў, што ўсе мы жывём дзякуючы адносінам – свабодным і вызваляючым міжчалавечым сувязям і ўзаемнаму клопату.

Айцец Святы папярэдзіў перад здрадай чалавечнасці, калі "выкарыстоўваюць свабоду не для таго, каб даць жыццё, а каб яго адабраць, не для таго, каб паспяшыць з дапамогай, а каб пашкодзіць". Аднак нават перад тварам зла, якое супрацьстаіць і забівае, Езус працягвае маліцца да Айца за нас, а Яго малітва дзейнічае як бальзам на нашыя раны.

У гэтай малітве ўсе мы распазнаём светлыя хвіліны нашай узаемнай любові як бацькі, бабулі, дзядулі, сыны і дочкі. Менавіта гэта мы хочам абвясціць свету: мы тут, каб быць адным цэлым, як Пан хоча, каб мы былі адным цэлым у нашых сем'ях і там, дзе жывём, працуем і вучымся.

Леў XIV падчас юілейнай Імшы
Леў XIV падчас юілейнай Імшы   (AFP or licensors)

"Розныя, аднак адно цэлае, многія, аднак адно цэлае"

“Мы розныя людзі, але складаем адно цэлае, нас шмат, але мы – адзінства, заўсёды, пры любых абставінах і ў любы перыяд жыцця", - сцвердзіў Леў XIV.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ў апошні час Касцёл кананізуе і беатыфікуе разам пары сужэнцаў. У гэтым кантэксце ён згадаў сям'ю Ульмаў – "бацькоў і дзяцей, аб'яднаных у любові і ў пакутніцтве". Такім чынам Касцёл паведамляе, што сучасны свет патрабуе сужэнскага саюза, каб пазнаць і прыняць любоў Бога і пераадолець дзякуючы яго аб'яднаўчай і прымірэнчай сіле тыя сілы, якія разбураюць адносіны і грамадствы.

Цытуючы словы энцыклікі святога Паўла VI, Пантыфік заўважыў, што шлюб не з'яўляецца ідэалам, але канонам сапраўднай любові паміж мужчынам і жанчынай. "Тая самая любоў, якая ператварае вас у адно цела, робіць вас здольнымі, па вобразе Бога, даваць жыццё", - сказаў ён.

Плошча Святога Пятра падчас юбілейнай Імшы
Плошча Святога Пятра падчас юбілейнай Імшы   (ANSA)

"У сям'і вера перадаецца разам з жыццём"

Леў XIV заахвоціў сужэнцаў быць для сваіх дзяцей прыкладам паслядоўнасці, заўсёды шукаючы ў іх дабро і сродкі, каб яго памнажаць. Ён заклікаў дзяцей быць удзячнымі бацькам за дар жыцця, а пажылых людзей – чуваць над тымі, каго яны любяць.

"У сям'і вера перадаецца разам з жыццём, з пакалення ў пакаленне: мы дзелімся ёй як ежай стала і пачуццямі сэрца. Гэта робіць яе асаблівым месцам, дзе сустракаем Езуса, Які заўсёды любіць нас і жадае нашага дабра", - заўважыў Айцец Святы.

На заканчэнне ён прывёў словы святога Аўгустына, які нагадваў, што некалі ўсе мы будзем адзіным цэлым у адзіным Збаўцы – усе, чыю прысутнасць мы адчуваем падчас Юбілею сем'яў, дзяцей, бабуль, дзядуль і пажылых людзей.
 

01 чэрвеня 2025, 12:05