Папа Леў уражвае сваім спевам, адзначае рэктар музычнай акадэміі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Музычныя здольнасці новага Папы выклікалі захапленне не толькі сярод вернікаў, але і сярод прафесійных музыкантаў. "Усе мы поўныя захаплення, што Леў XIV з'яўляецца такім выдатным спеваком", - падзяліўся 43-гадовы дамініканін у размове з аўстрыйскім каталіцкім агенцтвам “Kathpress”.
"Regina Coeli" ў выкананні Пантыфіка
Гэтыя словы прагучалі пасля таго, як у Нядзелю Добрага Пастыра Пантыфік нечакана для ўсіх заспяваў старажытную малітву "Уладарка Неба" з цэнтральнай лоджыі Базілікі Святога Пятра. Падчас свайго другога публічнага выступу на галоўнай ватыканскай плошчы Папа, замест традыцыйнага чытання, раптам зацягнуў старажытны спеў "Regina Coeli, laetare, alleluia". Гэты нечаканы жэст выклікаў хвалю захаплення сярод вернікаў, многія з якіх далучыліся да спеву.
Рэктар Папскага інстытута сакральнай музыкі адзначыў, што вакальныя ўменні Пантыфіка ўразілі таксама 154 студэнты Інстытута з больш чым 40 краін, якія звярнулі ўвагу на яго дасканалую мелодыку і цудоўнае гучанне голасу.
Па словах айца Мехльхарта, які да пераезду ў Рым быў дырыжорам хору ў касцёле тэатынаў у Мюнхене, відавочна, што абраны Папам Роберт Прэвост ведае традыцыі рэгулярнага спеву з часоў, калі належаў да Ордэна аўгустынцаў.
"Ён, несумненна, таленавіты спявак"
"Ён, несумненна, таленавіты спявак", - падкрэсліў дамініканін, які сам некалі спяваў як саліст у вядомым хоры “Regensburger Domspatzen” ("Вераб'і з Рэгенсбурга"), а таксама вывучаў касцельную музыку і музыказнаўства ў Вене і Оксфардзе.
Рэктар адзначыў, што музычныя здольнасці новага Папы, верагодна, звязаны з заснавальнікам ордэна, святым Аўгусцінам, якога глыбока кранала сакральная музыка. "Яго славутае выслоўе 'cantare amantis est' - 'спяванне ёсць справай любові' – застаецца заўсёды актуальным", - тлумачыць айцец Мехльхарт.