MAP

Леў XIV Леў XIV  (ANSA)

Папа заклікае французаў да новага місійнага запалу

Папа Леў XIV у сваім першым пасланні да французскіх біскупаў заклікаў адзначыць стагоддзе кананізацыі трох святых і зрабіць іх узорам для новага евангелізацыйнага запалу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пасланні ад 28 мая 2025 года Святы Айцец звярнуўся да Канферэнцыі Біскупаў Францыі ў сувязі са стагоддзем кананізацыі святога Жана Одэ (1601-1680), святога Жан-Марыі Віянэя (1786-1859) і святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса (1873-1897). Усе тры святыя былі ўзнесены да славы алтароў папам Піем XI у 1925 годзе.

Яны самааддана палюбілі Езуса простым, моцным і аўтэнтычным чынам

Леў XIV падкрэсліў, што гэтыя тры постаці святасці маюць агульную рысу, якая робіць іх асабліва актуальнымі для сучаснага свету: "яны самааддана палюбілі Езуса простым, моцным і аўтэнтычным чынам; яны адчулі яго дабрыню і пяшчоту ў асаблівай штодзённай блізкасці і засведчылі пра гэта ў захапляльным місійным запале".

Папа асабліва адзначыў духоўныя дасягненні кожнага са святых. Святы Жан Одэ быў першым, хто пашыраў літургічны культ Сэрца Езуса і Сэрца Марыі. Святы Жан-Марыя Віянэй – пробашч, які з палкасцю аддаўся свайму служэнню і сцвярджаў: "Святарства – гэта любоў да сэрца Езуса”. Святая Тэрэза – "вялікі доктар у scientia amoris", якая "дыхала" кожную хвіліну свайго жыцця Імем Езуса і навучала "лёгкага" шляху да Яго.

Святы Айцец падкрэсліў, што святыя не з'яўляюцца спантанна, а "па ласцы ўзнікаюць у жывых хрысціянскіх супольнасцях, якія змаглі перадаць ім веру, распаліць у іх сэрцах любоў да Езуса і жаданне ісці за Ім”. Гэтая хрысціянская спадчына, па словах Льва XIV, усё яшчэ належыць Францыі і глыбока прасякае яе культуру.

Абудзіць надзею і новы місійны запал

Папа выказаў жаданне, каб урачыстасці не абмяжоўваліся "настальгічнымі ўспамінамі пра мінулае", а "абудзілі надзею і выклікалі новы місійны запал”. Ён заклікаў да таго, каб Бог змог пры дапамозе святых, “абнавіць цуды, якія Ён звяршыў у мінулым”.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на праблему нястачы пакліканняў да святарства і манаства ў французскіх дыяцэзіях і цяжкую сітуацыю святароў. Ён выказаў "сардэчную ўдзячнасць усім святарам Францыі за іх мужную і настойлівую працу" і засведчыў ім сваю "айцоўскую прыхільнасць”.

Мужна пілігрымаваць пад супрацьлеглымі вятрамі абыякавасці

У заключэнні Пантыфік папрасіў трох святых аб заступніцтве для Францыі і для народа Божага, які мужна пілігрымуе там пад супрацьлеглымі, а часам і варожымі вятрамі абыякавасці, матэрыялізму і індывідуалізму”. Ён папрасіў іх "вярнуць мужнасць гэтаму народу ў пэўнасці, што Хрыстус сапраўды ўваскрос, Ён – Збавіцель свету”.

Папа завяршыў сваё пасланне просьбай пра заступніцтва Найсвяцейшай Багародзіцы Унебаўзятай, магутнай заступніцы Францыі, і пераслаў апостальскае благаслаўленне ўсім біскупам і асобам, давераным іх пастырскай апецы.
 

31 мая 2025, 10:36