Папа мэру Рыма: супрацоўнічаць дзеля агульнага дабра
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа падзякаваў мэру Рыма, а таксама ўсім прадстаўнікам гарадской адміністрацыі, грамадзянскім і ваенным уладам, за словы прывітання. Ён падкрэсліў, што адчувае сур'ёзную, але захапляльную адказнасць служыць Рымскай дыяцэзіі, клапаціцца пра веру народа Божага, а таксама пра агульнае дабро грамадства. У дасягненні гэтай апошняй мэты Святы Пасад і рымская мэрыя з'яўляюцца супрацоўнікамі – кожны ў сваёй інстытуцыйнай сферы.
“Адразу пасля абрання я нагадаў братам і сёстрам, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра, што разам з імі я – хрысціянін, а для іх — біскуп. Сёння ж я магу сказаць, што для вас і з вамі я – рымлянін!” - сцвердзіў Леў XIV.
“Вось ужо два тысячагоддзі Касцёл вядзе сваё апостальскае служэнне ў Рыме, абвяшчаючы Евангелле Хрыста і праяўляючы сябе ў міласэрнасці. Выхаванне моладзі і дапамога тым, хто пакутуе, адданасць апошнім і развіццё мастацтваў – гэта праявы клопату пра чалавечую годнасць, якую мы павінны падтрымліваць ва ўсе часы, асабліва ў дачыненні да малых, слабых і бедных”, - нагадаў Пантыфік, дадаючы, што ў Юбілейны год гэты клопат распаўсюджваецца на пілігрымаў з усяго свету. Папа шчыра падзякаваў муніцыпалітэту Рыма за намаганні, якія ён прыкладае для прыёму пілігрымаў.
Напрыканцы звароту Леў XIV выказаў спадзяванне на тое, што, “непараўнальны ў сваёй гісторыка-культурнай спадчыне, Рым заўсёды будзе вылучацца тымі каштоўнасцямі чалавечнасці і цывілізаванасці, якія чэрпаюць жыццёвую сілу з Евангелля” і ўдзяліў гораду і яго жыхарам сваё апостальскае благаслаўленне.