MAP

Леў XIV у санктуарыі Маці Добрай Парады ў Джэнацана Леў XIV у санктуарыі Маці Добрай Парады ў Джэнацана  (@Vatican Media)

Нечаканы візіт: Леў XIV наведаў санктуарый у Джэнацана

Леў XIV наведаў санктуарый Маці Добрай Парады ў Джэнацана падчас свайго першага нечаканага візіту за межы Ватыкана, дзе памаліўся перад старажытным абразом Багародзіцы і сустрэўся з вернікамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Для свайго першага нечаканага выезду за межы Ватыкана і Рыма Леў XIV выбраў знакавае месца – санктуарый Маці Добрай Парады ў Джэнацана. Пантыфік прыбыў туды 10 мая 2025 года каля 16.00 для прыватнага візіту.

Санктуарый, якім з 1200 года апякуюцца манахі Ордэну Святога Аўгустына, захоўвае старажытны абраз Багародзіцы, прывезены са Шкодэра ў Албаніі. Гэтае месца было дарагім для Льва XIII, які ў 1903 годзе надаў святыні статус малой базілікі, хаця сам ніколі не змог яе наведаць. Іншыя Папы наведвалі санктуарый: Ян XXIII у 1959 годзе і Ян Павел II у 1993 годзе. Сам Леў XIV, яшчэ будучы кардыналам, 25 красавіка 2024 года адслужыў тут Імшу з нагоды свята "Прыбыцця" абраза Маці Добрай Парады.

Леў XIV наведаў санктуарый у Джэнацана
Леў XIV наведаў санктуарый у Джэнацана

Пантыфік прыехаў у мікрааўтобусе “Volkswagen”, седзячы на пярэднім сядзенні, і быў сустрэты сотнямі радасных вернікаў, якія сабраліся на плошчы і глядзелі з вокнаў і балконаў. Многія скандавалі "Леў, Леў", а вузкія вулачкі паступова напоўніліся людзьмі.

Увайшоўшы ў касцёл і павітаўшы манахаў, Папа спыніўся на малітву спачатку перад алтаром, а затым перад абразом Багародзіцы, пакінуўшы ў дар букет белых руж. Санктуарыю Леў XIV падарыў келіх і патэну. Разам з прысутнымі ён прачытаў малітву Яна Паўла II да Маці Добрай Парады.

Пасля малітвы "Вітай, Марыя" і спеву "Salve Regina", Папа звярнуўся да прысутных у касцёле, вітаючы іх і жыхароў Джэнацана, сабраных звонку: "Я вельмі хацеў прыехаць сюды ў першыя дні новага служэння, якое мне даручыў Касцёл, каб выконваць гэтую місію як Наступнік Пятра".

Леў XIV у санктуарыі Маці Добрай Парады
Леў XIV у санктуарыі Маці Добрай Парады   (@Vatican Media)

Успамінаючы свой візіт пасля выбрання генеральным настаяцелем Ордэна Святога Аўгусціна і рашэнне "ахвяраваць жыццё Касцёлу", Леў XIV падкрэсліў свой давер да Маці Добрай Парады, спаслаўшыся на яе заклік да слуг падчас вяселля ў Кане Галілейскай, запісаны ў Евангеллі паводле Яна, выконваць усё, што скажа Езус.

Пасля сустрэчы з супольнасцю аўгустынцаў, Пантыфік выйшаў на парог базілікі і, вітаючы прысутных, двойчы сказаў: "Добры вечар!". Ён выказаў радасць ад магчымасці памаліцца перад абразом Маці Добрай Парады, прыгадаў сваю шматгадовую пабожнасць да яе і тое, што наведваў Джэнацана шмат разоў на працягу "амаль 50 гадоў".

Леў XIV на прыступках санктуарыя звяртаецца да вернікаў
Леў XIV на прыступках санктуарыя звяртаецца да вернікаў   (@Vatican Media)

Прысутнасць Багародзіцы, дадаў ён, з'яўляецца "такім вялікім дарам" для жыхароў гэтага гарадка ў Лацыа, з чаго вынікае таксама вялікая адказнасць: "Як Маці ніколі не пакідае сваіх дзяцей, так і вы павінны быць вернымі Маці".

Папа павітаў моладзь і "маладых сэрцам" – "Гэта ж усе мы, праўда?" – заахвочваючы да энтузіязму ў наследаванні Езуса паводле прыкладу Марыі. Напрыканцы, перад ад’ездам з санктуарыя, ён благаславіў усіх прысутных.
 

10 мая 2025, 19:26