MAP

Мэрыя Рыма на Капіталійскім пагорку Мэрыя Рыма на Капіталійскім пагорку  (Copyright © Nicola Forenza)

Пантыфік сустрэнецца з мэрам Рыма

У нядзелю, 25 мая 2025 года, перад пачаткам урачыстай літургіі ў Базіліцы Святога Яна на Латэране, Біскуп Рыма сустрэнецца з мэрам горада Раберта Гуальцьеры. Сустрэча адбудзецца ля падножжа Капіталійскага пагорка, дзе месціцца сядзіба рымскай гарадской адміністрацыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, мерапрыемства адбудзецца ў 16.15. Мэр Вечнага горада ў суправаджэнні прадстаўнікоў мясцовай улады прывітае Пантыфіка ля падножжа лесвіцы, якая вядзе на Капітолій.

Пасля гэтага Леў XIV накіруецца ў латэранскую базіліку, дзе адбудзецца яго ўступленне на кафедру Біскупа Рыма. Урачыстая Імша распачнецца ў 17.00. Пасля літургіі Папа благаславіць рымлян з цэнтральнай лоджыі храма.

У 19.00 Святы Айцец накіруецца ў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб памаліцца перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani (Ратавальніцы рымскага народа).

У сувязі з Юбілеем муніцыпалітэт Рыма цесна супрацоўнічае са Святым Пасадам. 10 чэрвеня 2024 года рымскую мэрыю наведаў Папа Францішак.


23 мая 2025, 11:06