Леў XIV нечакана сустрэўся з афрыканскімі пілігрымамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча адбылася 26 мая 2025 года пасля завяршэння юбілейнай Імшы аб міры для Афрыкі, арганізаванай дыпламатамі з Чорнага Кантынента. Папа выступіў па-англійску.
“Наша вера дае нам сілу”
Леў XIV падкрэсліў, што Святы Год заклікае людзей шукаць надзею і адначасова быць яе знакам для іншых. "Наша вера дае нам сілу, - сказаў Папа. - Наша вера дазваляе нам убачыць святло Езуса Хрыста ў нашым жыцці і зразумець, як важна жыць верай не толькі ў нядзелі, не толькі падчас паломніцтваў, але кожны дзень".
Пантыфіка падкрэсліў важнасць таго, каб кожны хрысціянін адчуваў сябе пакліканым Богам быць знакам надзеі ў сучасным свеце. Ён заклікаў вернікаў "быць напоўненымі надзеяй, якую толькі Езус Хрыстус можа нам даць".
“Дзякую за ваша жыццё”
Леў XIV выказаў удзячнасць за сустрэчу з прадстаўнікамі афрыканскага кантынента. "Прагну сказаць кожнаму з вас: дзякую за ваша жыццё, за вашу веру ў Езуса Хрыста", - звярнуўся ён да пілігрымаў.
Святы Айцец падзякаваў за сведчанне, якое Афрыка дае ўсяму свету, і заклікаў "усіх разам працягваць ісці аб'яднанымі як браты і сёстры, славячы нашага Бога".
Імшу аб мір у Афрыцы ўзначаліў кардынал Пітэр Тарксан, прэфект-эмерыт Дыкастэрыі па справах інтэгральнага развіцця чалавека. Яе канцэлебравалі, між іншым, кардынал Фрэнсіс Арынзэ, прэфект-эмерыт Кангрэгацыі па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, і арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву, сакратар Дыкастэрыі па справах евангелізацыі.