“Джыра д’Італія” ў Ватыкане: удзельнікаў велагонкі прывітае Папа
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Гістарычная падзя адбудзецца ў памяць пра Папу Францішка, які садзейнічаў яе арганізацыі. Ідэя ўключыць Ватыкан у фінальны этап велагонкі нарадзілася ў 2021 годзе, калі спартыўная асацыяцыя “Athletica Vaticana” стала паўнапраўным членам Міжнароднага саюза веласіпедыстаў.
Ініцыятыва папярэднічае Юбілею спорту – вялікай сустрэчы спартсменаў з усяго свету, якая адбудзецца 14-15 чэрвеня ў Рыме ў рамках святкавання Святога 2025 года.
Веласіпедысты ўедуць на тэрыторыю Ватыкана праз браму Петрыяна. Маршрут, дзе, як гаворыцца ў афіцыйным ватыканскім паведамленні, “кожны метр распавядае гісторыю і натхняе духоўнасцю”, складзе каля трох кіламетраў. Праезд будзе насіць не спаборніцкі, а сімвалічны характар.
Спартсмены праедуць побач з Базілікай святога Пятра і яе сакрыстыяй, а затым накіруюцца ў бок Ватыканскіх садоў, праязджаючы каля касцёла святога Стэфана Абісінскага, чыгуначнай станцыі і Палаца Губернатарату. Веласіпедысты праедуць побач з кляштарам “Mater Ecclesiae”, гротай Маці Божай Лурдскай, вежай святога Яна і верталётнай пляцоўкай.
Маршрут уздоўж ватыканскіх муроў пройдзе па так званым “Марыйным шляху”, які пралягае ўздоўж некаторых багародзічных ікон і скульптур з розных частак свету, у тым ліку каля копіі абраза Маці Божай Добрай Парады, асабліва дарагога Папу Льву XIV.
Веласіпедысты праедуць каля Ватыканскіх музеяў, апсіды Базілікі святога Пятра і Плошчы святой Марты, пасля чаго пакінуць Ватыкан праз браму Перуджына. Апынуўшыся на тэрыторыі Італіі, яны афіцыйна пачнуць спаборніцтва.