MAP

Кардынал Краеўскі раздае харчовыя пакеты жыхарам Запарожжа Кардынал Краеўскі раздае харчовыя пакеты жыхарам Запарожжа 

Папа падтрымаў місію Краеўскага ва Украіне тэлефонным званком

Падчас дзясятай гуманітарнай місіі ва Украіне кардынал Конрад Краеўскі атрымаў тэлефонны званок ад Папы Францішка, які цікавіўся ходам місіі і блаславіў яе ўдзельнікаў, прынёсшы ім духоўную падтрымку ў халодныя дні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Ён сагрэў нас гэтым тэлефонным званком, і яго бласлаўленне ўмацоўвае нас у тым, што мы робім добрыя справы, згодныя з Евангеллем", - падзяліўся папскі элемазінарый з “Vatican News”.

Распавядаючы пра свой візіт, Краеўскі адзначыў, што правёў вельмі інтэнсіўны дзень у Запарожжы. Ён пачаўся ў 5 гадзін раніцы сустрэчай з людзьмі, якія з ранніх гадзін стаялі ў чарзе, каб у 9 гадзін атрымаць вельмі сціплую ежу: паўбуханкі хлеба, дзве бляшанкі кансерваў і два пакеты з кітайскімі супамі.

Кардынал наведаў таксама альбертынаў і іх пякарню. "Я паабяцаў ім новую печ ад Святога Айца", - дадаў ён. Пасля гэтага ён сустрэўся з кіраўніцтвам мясцовай службы аховы здароўя.

"Ім былі перададзены машыны хуткай дапамогі і лекі вартасцю больш за 200 тысяч еўра, сабраныя ў Неапалі і затым перавезеныя ў Фларэнцыю, дзе мы запакавалі іх у набытыя там машыны хуткай дапамогі. Мы праехалі на іх больш за 3300 кіламетраў", - нагадаў іерарх.

Ён дадаў, што ва Украіну прывёз таксама іншыя лекі, якія атрымаў з Клінікі “Джэмэлі” і Ватыканскай аптэкі. Гэта перш за ўсё лекі, якія ратуюць жыццё ў машынах хуткай дапамогі.

Чарговая місія прэфекта Дыкастэрыі па міласэрным служэнні завяршылася і ён вяртаецца ў Рым.
 

09 красавіка 2025, 12:01