MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец: Езус не пакідае нас у пакутах

Напярэдадні XXXIII Сусветнага дня хворых, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага, Святы Айцец нагадаў, што Бог падзяліў нашыя пакуты ў Езусе Хрысце.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Езус, у сваёй міласэрнай любові, дае магчымасць сустрэцца з Панам нават у немачы, якой бы балючай і цяжкай для разумення яна ні была”, - напісаў Папа ў сацыяльнай сетцы X.

Пантыфік таксама нагадаў, што “ў час хваробы, калі, з аднаго боку, мы адчуваем усю сваю ўразлівасць, то, з другога, спазнаём блізкасць і спагаду Бога, які ў Езусе падзяліў нашыя пакуты. Ён не пакідае нас”.

Кароткія паведамленні Святога Айца перадаюць некаторыя яго думкі з паслання на Сусветны дзень хворага, якое было абнародавана 27 студзеня 2025 года. У гэтым дакуменце Францішак нагадаў, што менавіта надзея робіць нас моцнымі ў выпрабаваннях, а таксама заклікаў да салідарнасці з людзьмі, якія пакутуюць ад хвароб.

Сусветны дзень хворых адзначаецца ў літургічны ўспамін Маці Божай Лурдскай. Ён быў устаноўлены святым Янам Паўлам II у 1992 годзе. Звычайна кожныя тры гады ўрачыстае святкаванне гэтага Дня праводзіцца ў адным з марыйных санктуарыяў свету. Сёлета яно павінна было адбыцца ў Перу, у санктуарыі Багародзіцы з Чапі, але ў сувязі з Юбілеем Францішак перанёс яго на 2026 год, заклікаўшы адзначаць Сусветны дзень хворых у звычайнай форме на дыяцэзіяльным узроўні.
 

10 лютага 2025, 14:00