MAP

Пантыфік: Эўхарыстыя дазваляе жыць у еднасці з Богам і братамі

Мы з’яўляемся адным целам, бо спажываем адзін хлеб, нагадаў Папа 14 лютага 2025 года падчас аўдыенцыі для членаў дабрачыннага фонда Gaudium et spes, дзейнасць якога натхнёная аднайменнай пастырскай канстытуцыяй Другога Ватыканскага Сабора.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Фонд і яго ініцыятывы робяць актуальным гэты дакумент, што адпавядае сінадальнаму духу Касцёла, дзе мы ўсе з’яднаныя ў Хрысце, ствараючы ўсеагульнае братэрства як члены аднаго Цела. Гэта адзінства рэалізуецца праз Святога Духа, які з’яўляецца Любоўю, і выяўляецца ў салідарнасці, асабліва да людзей, што пакутуюць найбольш”, — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што “трыванне ў Хрысце робіць нас сям’ёй, братамі, якія маюць тую самую годнасць”. “А пасілкам гэтай сям’і, якая ў нядзелю збіраецца за імшальным сталом, з’яўляецца Эўхарыстыя. Мы з’яўляемся адным целам, бо спажываем адзін хлеб. Гэта духоўная ежа, якая патрэбна аднолькава ўсім і дазваляе нам жыць у еднасці з Богам і нашымі братамі”, — нагадаў Францішак, дадаўшы, што “гэта сіла Святога Духа ператварае нас у інструменты любові Бога, які прагне дасягнуць усіх людзей без выключэння”.

“У гэты Святы год я хачу падзякаваць вам за тое, што з’яўляецеся крыніцай надзеі для многіх людзей, якія пакутуюць і згубілі надзею, людзей, якія, дзякуючы вашай працы, адчуваюць ласкавасць і суцяшэнне Бога ў пакутах”, — сказаў на завяршэнне прамовы Папа.
 

14 лютага 2025, 12:00