MAP

Людзі уцякаюць ад баявых дзеянняў на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Людзі уцякаюць ад баявых дзеянняў на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга  (AFP or licensors)

Францішак заклікае да міру ў ДРК і памяці пра ахвяр нацысцкіх канцлагераў

Папа выказаў трывогу ў сувязі з сітуацыяй у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, заклікаў памятаць пра ахвяр нацысцкіх канцлагераў і скіраваў віншаванне з нагоды Новага года па месяцовым календары.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Выказваю маю занепакоенасць у сувязі з пагаршэннем сітуацыі ў галіне бяспекі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Я настойліва заклікаю ўсе бакі канфлікту ўзяць на сябе абавязак па спыненні баявых дзеянняў і абароны грамадзянскага насельніцтва Гомы і іншых раёнаў, якія пацярпелі ад ваенных аперацый”, - сказаў Францішак на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 29 студзеня 2025 года ў Ватыкане.

Папа прызнаўся, што з трывогай сочыць за падзеямі ў сталіцы краіны Кіншасе, выказаўшы надзею на тое, што “ўсе формы гвалту ў адносінах да людзей і іх маёмасці спыняцца як мага хутчэй”. “Молячыся аб хуткім вяртанні міра і бяспекі, я заклікаю мясцовыя ўлады і міжнародную супольнасць прыкласці ўсе намаганні для ўрэгулявання канфлікту мірнымі сродкамі”, - дадаў Святы Айцец, выказаўшы таксама пажаданне міру для іншых рэгіёнаў свету, ахопленых вайной.

Вітаючы пілігрымаў з Польшчы, Пантыфік спаслаўся на ўспамін ахвяр нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў у гады Другой сусветнай вайны. “Браты і сёстры, будзьце ахоўнікамі праўды і памяці аб гэтай трагедыі і яе ахвярах, сярод якіх было не мала хрысціянскіх мучанікаў. Гэта напамін пра неабходнасць пастаяннага імкнення да міру і абароны годнасці чалавечага жыцця ў кожным народзе і кожнай рэлігіі”, - сказаў Папа.

Звяртаючыся да пілігрымаў, якія карыстаюцца кітайскай мовай, Святы Айцец адзначыў, што ў краінах Усходняй Азіі і многіх іншых частках свету мільёны людзей святкуюць новы год па месяцовым календары, а гэта “з’яўляецца нагодай для больш глыбокага перажывання сямейных адносін і сяброўства”. “Няхай жа разам з пажаданнямі з нагоды Новага года ўсіх вас дасягне маё благаслаўленне, у той час калі я прашу Пана аб міры, спакоі і здароўі для кожнага з вас”, - сказаў Францішак.
 

29 студзеня 2025, 11:02