Папа: штучны інтэлект павінен служыць годнасці чалавека
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак скіраваў пасланне з нагоды Сусветнага эканамічнага форуму, які адбудзецца 20–24 студзеня 2025 года ў швейцарскім Давосе. Яго тэма – Супрацоўніцтва ў інтэлектуальную эпоху – дае добрую нагоду для рэфлексіі пра штучны інтэлект як прыладу не толькі супрацоўніцтва, але і аб’яднання народаў, падкрэсліў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што хрысціянская традыцыя лічыць дар інтэлекту фундаментальным аспектам чалавечай асобы, створанай на вобраз Бога. Ён заўважыў таксама, што Каталіцкі Касцёл падтрымлівае развіццё навукі, тэхнікі, мастацтва і іншых форм чалавечага самавыражэння, разглядаючы іх як прастору для супрацоўніцтва чалавека з Богам дзеля ўдасканалення бачнага свету.
Папа адзначыў, што штучны інтэлект, які імітуе чалавечы розум, ставіць перад чалавецтвам шэраг выключных пытанняў і выклікаў. Ён нагадаў, што штучны інтэлект можа ствараць новыя артэфакты і даваць вынікі, якія практычна не адрозніваюцца ад створаных чалавекам, а часам нават перавышаюць іх, што выклікае занепакоенасць адносна яго ўплыву на ролю чалавецтва ў свеце, а таксама на “крызіс праўды” ў публічнай прасторы.
“Акрамя таго, гэта тэхналогія распрацавана, каб вучыцца і самастойна прымаць пэўныя рашэнні, адаптуючыся да новых сітуацый і даючы адказы, не прадугледжаныя яе праграмістамі, што падымае важныя пытанні этычнай адказнасці, чалавечай бяспекі і шырэйшых наступстваў такіх распрацовак для грамадства”, - зазначыў Пантыфік.
Святы Айцец звярнуў увагу на некарэктнасць выкарыстання адносна такіх тэхналогій слова “інтэлект”, бо яны з’яўляюцца ўсяго толькі “прадуктам чалавечага інтэлекту”.
“Пры належным выкарыстанні штучны інтэлект дапамагае чалавеку рэалізаваць сваё пакліканне, у свабодзе і адказнасці, але існуе небяспека, што ён будзе выкарыстоўвацца для прасоўвання тэхнакратычнай парадыгмы, згодна з якой усе праблемы свету могуць быць вырашаны выключна з дапамогай тэхналогій”, - заўважыў Папа, падкрэсліўшы, што “штучны інтэлект павінен стаяць на службе больш здаровага, больш гуманнага, больш сацыяльнага і больш цэласнага развіцця".
Францішак заклікаў урады і кампаніі праяўляць належную сумленнасць і асцярожнасць, крытычна аналізуючы магчымасці выкарыстання штучнага інтэлекту ў пэўных сферах, каб яно заўсёды спрыяла годнасці чалавека, яго пакліканню і агульнаму дабру.
“Як і ў выпадку з многімі іншымі тэхналогіямі, наступствы разнастайнага выкарыстання штучнага інтэлекту не заўсёды можна прадказаць адразу”, – зазначыў Святы Айцец, заклікаючы да больш адказнага і скаардынаванага падыходу да развіцця такіх тэхналогій на карысць усіх.