Рым: беатыфікацыя маладога мучаніка, які сказаў “не” бруду карупцыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Звычайна беатыфікацыя адбываецца ў месцы, звязаным з жыццём і служэннем кандыдата да хвалы алтара, але ў сувязі з небяспечнай сітуацыяй на радзіме Фларыбэра Бвана Чуі было вырашана правесці ўрачыстую цырымонію ў Рыме.
Літургію ўзначаліць кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі, у прысутнасці кангалезскага кардынала Фрыдаліна Амбонга Бесунгу, арцыбіскупа Кіншасы.
Слуга Божы Фларыбэр Бвана Чуі быў мытнікам на мяжы з Руандай, а таксама актывістам “Школы міру” каталіцкай дабрачыннай Супольнасці святога Эгідзія ў Гоме. Сумленна выконваючы службовыя абавязкі і кіруючыся прынцыпамі каталіцкай веры, ён адмовіўся прапусціць праз мяжу груз сапсаваных харчовых прадуктаў, што маглі нанесці шкоду насельніцтву, і не прыняў хабара. За гэта ў ліпені 2007 года яго выкралі злачынцы і, пасля жорсткіх катаванняў, забілі.
У лістападзе 2024 года Папа Францішак ухваліў прамульгацыю дэкрэта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, якім прызнаваў, што Фларыбэр Бвана Чуі з’яўляецца мучанікам, забітым з нянавісці да веры.
Падчас візіту ў Кіншасу ў 2023 годзе Святы Айцец звярнуў увагу моладзі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга на мужны прыклад іх суайчынніка, які паставіў дабро народа вышэй за ўласную выгаду.
“Малады чалавек, як і вы, Фларыбэр Бвана Чуі, ва ўзросце ўсяго дваццаці шасці гадоў, быў забіты ў Гоме за тое, што спыніў праход партыі сапсаваных прадуктаў, якія маглі пашкодзіць здароўю людзей. Ён мог бы прапусціць іх – гэтага ніхто б не заўважыў, і нават нешта зарабіў бы. Але як хрысціянін ён маліўся, думаў пра іншых і вырашыў застацца сумленным, сказаўшы “не” бруду карупцыі. Вось што значыць трымаць рукі чыстымі, у той час як рукі тых, хто зарабляе брудным чынам, апынаюцца запэцканыя крывёю. Калі нехта працягне табе канверт, паабяцае паслугі і багацце – не трапляй у пастку, не дазваляй сябе ашукаць, не дазваляй злу паглынуць цябе. Не дазваляй злу перамагчы сябе, не вер цёмным інтрыгам грошай, якія цягнуць у цемру. Быць сумленным – значыць свяціць удзень, значыць распаўсюджваць святло Божае, значыць жыць благаслаўлёнай справядлівасцю: перамагай зло дабром!”, - заклікаў кангалезскую моладзь Папа.