1700 гадоў Нікейскага Сабора: рэакцыі праваслаўных Патрыярхаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нядзеля перад Пяцідзясятніцай у праваслаўі з'яўляецца днём памяці Першага Нікейскага Сабора, які адбыўся ў 325 годзе. Сёлета ва ўсім свеце адзначаецца 1700-годдзе гэтай знамянальнай падзеі. Аб гэтым паведамляе агенцтва “Kathpress”.
Для вырашэння праблем патрэбна глыбокае тэалагічнае разуменне
Маскоўскі Патрыярх Кірыл у сваёй заяве, апублікаванай на сайце Маскоўскага Патрыярхату, падкрэсліў, што праваслаўе перажывае цяжкі час ва ўсім свеце. Для вырашэння сучасных праблем, па яго словах, патрабуецца глыбокае тэалагічнае разуменне.
"Найважнейшыя рашэнні, якія датычацца асноў існавання Царквы і яе вернасці апостальскаму вучэнню і кананічным асновам, павінны прымацца сумесна", - адзначыў Патрыярх Кірыл.
"Дух Святы вучыць Царкву адказваць на выклікі часу з саборным розумам і ў братэрскім дыялогу. Гэта было на першым Апостальскім саборы ў Іерусаліме, які стаў пераломным момантам у распаўсюджванні Добрай Навіны. Гэта было і на Саборы ў Нікеі ў 325 годзе, які дасягнуў дагматычнай перамогі над ерассю Арыя і адхіліў гэтае вучэнне як супярэчнае асновам хрысціянскай веры", - падкрэсліў Патрыярх. На яго думку, толькі саборнае вырашэнне праблем можа прывесці да пераадолення сучасных царкоўных крызісаў.
Праваслаўная вера перажыла кожную эпоху і кожную імперыю
У Сафіі Патрыярх Балгарскі Данііл узначаліў урачыстае набажэнства ў нядзелю ў кафедральным саборы Аляксандра Неўскага. У сваім пасланні, якое было зачытана падчас літургіі, ён выказаў упэўненасць у моцы хрысціянскай веры.
"Гадавіна Першага Усяленскага Сабора нагадвае нам, што наша праваслаўная хрысціянская збаўчая вера сапраўды мае боскае паходжанне. Яна перажыла кожную эпоху і кожную імперыю і працягвае існаваць", - напісаў Патрыярх Балгарскі.
Заклік да аднаўлення адзінства Царквы
У Стамбуле Усяленскі Патрыярх Барталамей І узначаліў святочнае набажэнства ў Георгіеўскім саборы ў Фанары. У сваёй юбілейнай энцыкліцы, якая была зачытана падчас літургіі, Патрыярх заклікаў "звярнуцца да сутнасці нашай веры, асновай якой з'яўляецца збаўленне чалавека ў Хрысце".
Барталамей І бачыць у юбілеі Сабора напамін усім хрысціянскім супольнасцям аб узмацненні намаганняў на карысць адзінства Царквы. Паводле Усяленскага Патрыярха, істотным крокам было б зноў святкаваць Вялікдзень у адзін дзень ва ўсіх хрысціянскіх Цэрквах.