Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Росіцы адбываюцца ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных мучанікаў. 15 лютага 2025 года ў санктуарыі сабраліся пілігрымы, каб ушанаваць благаслаўлёных святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру. У праграме – адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, святая Імша, працэсія на месца мучаніцтва.
Адбыліся сустрэчы духавенства дыяцэзій. У Гродзенскай семінарыі 12 лютага 2025 года прайшоў дзень засяроджання для святароў дыяцэзіі. Узначаліў сустрэчу біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Падчас канферэнцыі святары разважалі аб крызісе традыцыйных форм душпастырства як выкліку святару нашага часу. У той жа дзень у Оршы адбылася сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі. Галоўным момантам стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Для ўдзельнікаў таксама правялі канферэнцыі. Законніцы разважалі пра кансэкраванае жыццё як дар ад Бога, а святары – пра каштоўнасці цэлібату.
Набажэнствам для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі адзначылі Сусветны дзень хворых у Мінску. 11 лютага 2025 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім маліліся Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і капелан Цэнтра ксёндз Аляксандр Шамрыцкі. Падчас Імшы быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых асобам з абмежаванымі магчымасцямі, хворым і пажылым вернікам. Пасля Эўхарыстыі для іх зладзілі забаўляльную праграму.
Сітуацыю з Чырвоным касцёлам у Мінску пракаментаваў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. 13 лютага 2025 года Аляксандр Румак выступіў на Першым канале Беларускага радыё і адказаў на пытанне адносна закрытага ўжо больш за два гады касцёла святога Сымона і святой Алены. Упаўнаважаны назваў тую ж прычыну, па якой рамонт святыні не пачынаецца, што і ў чэрвені мінулага году. Паводле Румака, была распрацавана праектная дакументацыя па рамонту касцёла, да якой былі заўвагі, таму "адбываецца дапрацоўка дакументацыі, каб зрабіць капітальны рамонт святыні". Гэта азначае, што касцёл пакуль застанецца зачыненым.
З удзелам біскупа Уладзіміра Гуляя прайшла сустрэча кіраўнікоў руху Маці ў малітве Гродзенскай дыяцэзіі. 8 лютага 2025 года ў парафіі Божай Міласэрнасці сабраліся прадстаўніцы парафіяльных супольнасцяў, пры якіх дзейнічае рух, з дзесяці гарадоў. Падчас святой Імшы ўдзельніцы падзякавалі біскупу за прысутнасць, Божае слова і клопат аб усіх маці. Ардынарый удзяліў жанчынам благаслаўленне на служэнне ў парафіяльных супольнасцях, а таксама здзейсніў благаслаўленне шалікаў, прынесеных імі ў ахвярных дарах.
Адкрыта рэгістрацыя на пілігрымку моладзі ў Рым. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія абвясціла аб прыёме заявак на пілігрымку да Святой Брамы базылікі Святога Пятра ў Ватыкане і да ўдзелу ў Юбілеі моладзі ў Рыме. Па дарозе ўдзельнікі наведаюць Кошыцэ, Будапешт і Прагу. Выезд з Мінска запланаваны 25 ліпеня, тэрмін запісу – да 15 сакавіка.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.