MAP

Італьянскія біскупы ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Італьянскія біскупы ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл у Італіі даследуе выпадкі злоўжыванняў за 20 гадоў

Італьянская біскупская канферэнцыя абвясціла аб правядзенні маштабнага навуковага даследавання выпадкаў сексуальных злоўжыванняў з боку духавенства за перыяд 2001-2021 гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле інфармацыі, агучанай 23 студзеня 2025 года на заключным пасяджэнні пленарнай асамблеі італьянскага епіскапату ў Рыме, даследаванне будзе праводзіцца дзвюма незалежнымі ўстановамі – Instituto degli Innocenti ў Фларэнцыі і Цэнтрам даследавання ахвяр і бяспекі ў Балонні.

"Мы бяром на сябе адказнасць за мінулае і абавязуемся зрабіць усё магчымае для абароны непаўналетніх і ўразлівых дарослых у нашых супольнасцях", - падкрэслілі біскупы ў сваёй заяве.

Ініцыятыва грунтуецца на касцельных дырэктывах па працы з выпадкамі злоўжыванняў ад 2019 года і плане дзеянняў, прынятым у 2022 годзе. Дакументы прадугледжваюць узмацненне мясцовых сетак падтрымкі, стварэнне кантактных пунктаў для пацярпелых і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі.

Важным крокам стала публікацыя 22 студзеня 2025 года вынікаў незалежнага даследавання ў дыяцэзіі Бальцана-Брэсаноне, якая стала першай сярод больш чым 200 італьянскіх дыяцэзій, што правяла грунтоўнае вывучэнне праблемы.
 

25 студзеня 2025, 12:14